Я — Кумец Уладзімір Уладзіміравіч, кандыдат у дэпутаты Менскага гарадскога Савета дэпутатаў па Васняцоўскай выбарчай акрузе № 5.

Сёння я як звычайна выехаў на сваю акругу, каб пазнаёміцца і паразмаўляць жыхарамі, расклеіць і раздаць сваю агітацыйную прадукцыю. Перадвыбарчую кампанію я праводжу самастойна, часам дапамагаюць сябры і знаёмыя. Сёння, я вырашыў пачаць з расклейкі сваіх плакатаў.

Побач з перадвыбарным стэндам каля ўнівермага «Беларусь» ужо размясціліся актывісты БРСМ і іх правадырка. Улёткі прывёз мужчына ў касцюме, пад’ехаўшы на грузавіку проста да стэнда.

Агітавалі за праўладнага кандыдата, нам. галоўнага лекара Чайкоўскую Галіну Вікенцьеўну. Я вырашыў падысці бліжэй і даведацца, што ўсё-ткі рухае маладымі людзьмі, што яны трацяць свой час і агітуюць за зусім незнаёмага ім лекара. Тут мяне чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. У пікеце ўдзельнічалі 6 дзяўчат, якім на выгляд і 16 гадоў не дасі, а як вядома, агітаваць за кандыдата могуць толькі асобы якія дасягнулі паўналецця. Я пацікавіўся ў дзяўчат ёсць ім 18 гадоў. Адказам на маё пытанне сталі панурыя, апушчаныя твары дзяўчат,
якія ўсё ж такі ціха сказалі, што ім ёсць 18 гадоў. Я вырашыў папрасіць пашпарт або любы дакумент, што сведчыць узрост, але адказам было зноў маўчанне. Я ўжо быў падумаў, ці варта пытацца што-небудзь пра кандыдата, але ўсё ж адважыўся. Аказалася, што апроч таго, што яна лекар і адказны чалавек, я нічога не даведаўся. Спрачацца было сапраўды бессэнсоўна, 4 гады відавочна мала, каб пабудаваць дзіцячыя пляцоўкі і зрабіць рамонт.
Чайкоўская ўжо абіралася у дэпутаты ў 2007 годзе і зараз ідзе на другі тэрмін. Можа ў яе з’явіліся свежыя ідэі, рэвалюцыйныя праекты па паляпшэнні жыцця раёна, але яна проста не паспела ўвасобіць іх у жыццё?
На гэтую думку наводзіць, тое, што яна фактычна нічога не зрабіла для нашага раёна, усё засталося на сваіх месцах, а простыя людзі па-ранейшаму бегаюць па ўсіх інстанцыях дамагаючыся справядлівасці. Людзі павінны ведаць свайго дэпутата ў твар і яго нумар тэлефона. Каб вырашаць праблемы, трэба іх ведаць. За 4 гады «дэпутацтва» чалавек так іх і не даведаўся і зноў абяцае тое ж самае, разлічваючы, што людзі ўжо забыліся за каго і чыю праграму яны галасавалі ў 2007 годзе. Праўды як і не было, так і няма. Такія людзі ідуць да ўлады толькі каб задаволіць свае інтарэсы, а як будуць адстойваць свае інтарэсы людзі — ужо не іх клопат…
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?