пра годнасць — салдацкую, польскую, чалавечую. Піша Віталь Тарас.

На трэці дзень пасля трагедыі пад Смаленскам польская газета «Rzeczpospolita» надрукавала тэкст прамовы прэзідэнта Качынскага, з якой ён меў выступіць у Катыні. (Беларускі пераклад у той самы дзень з’явіўся на сайце «НН».)

Качынскі хацеў нагадаць пра тое, што «гэтае забойства было здзейсненае з волі Сталіна, па загадзе найвышэйшага кіраўніцтва Савецкага Саюза. Саюз Трэцяга рэйха і СССР, пакт Рыбентропа-Молатава і агрэсія супраць Польшчы 17 верасня 1939 года выліліся ў жудасную кульмінацыю масавых забойстваў у Катыні. І не толькі ў лясах Катыні, а і ў Цверы, Харкаве і іншых вядомых і яшчэ невядомых месцах былі забітыя грамадзяне Другой Рэчы Паспалітай, людзі, якія стаялі ля вытокаў нашай дзяржаўнасці, нязломныя ў слугаванні Радзіме…

Яны былі ахвярамі неабвешчанай вайны. Іх забілі, пагарджаючы законамі і звычаямі цывілізаванага свету, растаптаўшы іх годнасць — салдацкую, польскую, чалавечую… Катынь стала балючай ранай у гісторыі Польшчы і на працягу многіх дзесяцігоддзяў атручвала стасункі паміж палякамі і расійцамі. Давайце ж зробім усё, каб рана Катыні нарэшце загаілася. Мы ўжо ідзём да гэтага… Усе абставіны катынскага расстрэлу мусяць быць цалкам вывучаныя і растлумачаныя.
Важна, каб была пацверджаная юрыдычная невінаватасць ахвяраў, каб былі рассакрэчаныя ўсе дакументы, якія датычаць гэтага злачынства. Хлусня пра Катынь мусіць назаўжды знікнуць з грамадскай прасторы».
Гэтыя словы варта параўнаць з тым, што казаў расійскі прэм’ер Уладзімір Пуцін 7 красавіка ў Катыні падчас жалобнай цырымоніі, у якой удзельнічаў разам з польскім прэм’ерам Дональдам Тускам. Перад прамовай Пуціна Туск згадаў у сваім выступе расійскага пісьменніка Аляксандра Салжаніцына: «Слова праўды ўвесь свет перацягне».

Пра неабходнасць ачысціць праўду аб катынскіх расстрэлах пасля дзесяцігоддзяў цынічнай хлусні гаварыў і Пуцін. Ён казаў пра рэпрэсіі, што «руйнавалі людзей, не разбіраючы нацыянальнасці і перакананняў, рэлігій… Казацтва, святары, простыя сяляне, прафесары і афіцэры. Логіка была адна: пасеяць страх, абудзіць у чалавеку самыя нізкія інстынкты, нацкаваць людзей адзін на аднаго, прымусіць слепа і бяздумна падпарадкоўвацца. Гэтым злачынствам не можа быць ніякіх апраўданняў…

Перад гэтымі магіламі, перад людзьмі, якія прыходзяць сюды ўшанаваць памяць сваіх блізкіх, было б крывадушна сказаць: давайце ўсё забудзем…Не. Мы абавязаны захоўваць памяць пра мінулае. І , канечне, будзем гэта рабіць, якой бы горкай ні была гэтая праўда. Нам не дадзена яе змяніць. Але ў нашых сілах захаваць, аднавіць праўду і гістарычную справядлівасць».

Відавочна, гэта не тыя словы, якіх чакалі ад кіраўніка расійскай улады мільёны палякаў. У прамове Пуціна не было не толькі прабачэнняў, у ёй не называюцца імёны катаў, не згадваюцца роля НКВД, самі абставіны злачынства — нічога з таго, пра што хацеў сказаць суайчыннікам, расійцам і ўсяму свету Качынскі. І ўсё ж прамова расійскага прэм’ера была важнай, бо ў ёй недвухсэнсоўна асуджаны самі сталінскія рэпрэсіі і спробы іх схаваць ці апраўдаць. Важным крокам стаў ужо сам прыезд Пуціна ў Катынь. Важным, але далёка не апошнім на шляху да ісціны.

Калі я напісаў пра гэта ў сваіх нататках пра гібель польскай дэлегацыі на сайце «НН», адзін з яго наведнікаў абвінаваціў мяне ў русафобіі. Мяне гэта не здзівіла, бо на расійскіх сайтах у гэтыя жалобныя дні можна прачытаць дзясяткі, калі не сотні падобных меркаванняў.

Пуцін або які-небудзь іншы кіраўнік расійскай дзяржавы — яшчэ не ўвесь расійскі народ, і крытыка асобнага палітыка, якія б высокія рэйтынгі ён ні меў у сябе ў краіне, не звернутая супраць расійскіх грамадзян.

Іншая справа, што пераважная частка расійцаў (гэта паказваюць апытанні, напрыклад, на радыё «Эхо Москвы») дый беларусаў, напэўна, дагэтуль упэўнены, што палякаў у Катыні расстрэльвалі немцы. І гэта пры тым, што сапраўдныя дакументы пра яе можна прачытаць у расійскай Вікіпедыі. Ды шмат дзе яшчэ можна даведацца пра трагедыю — хай пакуль не ва ўсіх яе дэталях — у кнігах, фільмах, прэсе.

Наіўна думаць, што праўда, аднойчы даведзеная да людзей праз СМІ, імгненна іх зменіць. Што пасля паказу, напрыклад, фільма Вайды «Катынь» на беларускім тэлебачанні, усе стануць відушчымі і зразумеюць увесь маштаб катынскай трагедыі, яе наступствы, адпрэчаць хлусню і прапаганду. Заўсёды ў зла будуць свае прыхільнікі, ахвотныя яго апраўдаць. Гэта не значыць, што не трэба гаварыць праўду,
змагацца за яе ўсімі даступнымі спосабамі.

Толькі гэта катэгорыя не палітычная і не гістарычная нават, але маральная. Катастрофа пад Смаленскам нагадала ўсім нам пра нешта вельмі важнае. Нагадала, як напісана ў несказанай прамове Леха Качынскага, пра годнасць — салдацкую, польскую, чалавечую.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?