У Мінску 17 мая пройдуць суды над удзельнікамі несанкцыянаванага гей‑шэсця, якое адбылося ў суботу на вуліцы Сурганава.

Затрыманыя ўдзельнікі шэсця былі дастаўлены спачатку ў Першамайскае РУУС, а затым у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.

Паводле інфармацыі аднаго з арганізатараў акцыі Сяргея Андросенкі, удзельнікам шэсця перададзены ежа, цёплае адзенне і іншыя рэчы.

Падчас разгону было затрымана восем чалавек, у тым ліку два жыхары Санкт‑Пецярбурга.

Пра затрыманне расійскіх грамадзян паведамлена ў пасольства РФ у Мінску. Усяго ў шэсці ўзялі ўдзел прыкладна 30 чалавек.

Сам Андросенка і яшчэ тры ўдзельнікі гей‑прайда былі дастаўлены ў Савецкае РУУС. «Пасля заканчэння акцыі мы абедалі ў рэстаране «Лідо», да нас падсеў супрацоўнік праваахоўных органаў і прапанаваў выйсці праз службовы ўваход, заявіўшы, што нашаму жыццю пагражае небяспека», — сказаў Андросенка.

Паводле яго слоў, супрацоўнікаў міліцыі цікавіла інфармацыя, звязаная з гей‑прайдам. Усіх чатырох сфатаграфавалі і знялі на відэакамеру, узялі адпячаткі пальцаў. Праз тры гадзіны іх адпусцілі без складання пратаколаў.

Андросенка заявіў, што ў цэнтры горада былі заўважаны скінхеды, некаторыя з іх затрыманы.

У ГУУС Мінгарвыканкама паведамілі, што некалькі чалавек былі дастаўлены ў міліцыю для высвятлення асобы. У міліцыі ўважліва паставіліся да інфармацыі, што агрэсіўна настроеныя грамадзяне могуць арганізаваць правакацыю, зазначылі ў ГУУС. Бакі ўдалося развесці па часе і месцы.

Мінскі гарвыканкам забараніў гей‑прайд, удзельнікі якога планавалі сабрацца каля будынка Белдзяржфілармоніі і прайсці па праспекце Незалежнасці да прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук.

14 мая «Міжнародная амністыя» выказала шкадаванне ў сувязі з забаронай Мінгарвыканкамам шэсця і заклікала беларускія ўлады паважаць правы сексуальных меншасцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?