«Хлопцы аддалі ўсе сілы, біліся да канца, змагаліся, рабілі ўсё, што маглі, але, на жаль, зыход матчу атрымаўся не такім, як трэба», — заявіў журналістам галоўны трэнер беларускай хакейнай зборнай Эдуард Занкавец пасля заканчэння матчу чэмпіянату свету супраць каманды Германіі.

Беларусы перамаглі ў авертайме 2:1, аднак для працягу барацьбы за выхад у чвэрцьфінал, неабходна было выйграваць у асноўны час. Паводле слоў трэнера, ён ледзь не павіншаваў свайго нямецкага калегу з перамогай.

«Такога пакуль у мяне яшчэ не было ў кар’еры, каб так крыўдна ўпусціць перамогу [у асноўны час], калі на кану стаіць задача трапляння ў наступны этап, — сказаў Занкавец. — Але, тым не менш, такое бывае. Думаю, у спартыўных кар’ерах бываюць і больш крыўдныя паразы. Жыццё на гэтым не заканчваецца».

«Шчыра кажучы, я ведаў, што нам патрэбна перамога, але асабліва не думаў, у авертайме ці не, — прызнаўся галоўны трэнер.

— У канцы гульні, калі сапернік зраўняў лік, была думка, што трэба ўсё‑такі здабываць перамогу, бо гэтая нічыя нас не задавальняе. Ужо потым, калі ў авертайме забілі гол, з’явілася надзея, а раптам ёсць яшчэ шанц. Але пасля гульні пралічылі, што шанцаў усё‑такі няма».

Гаспадары чэмпіянату зраўнялі лік за 53,9 секунды да канца асноўнага часу, выпусціўшы замест варатара шостага палявога гульца.

«Момант, калі немцы мянялі варатара на шостага гульца, адбываўся падчас гульні, а хлопцы знаходзіліся ў такім становішчы, што проста не заўважылі гэтага лішняга гульца», — зазначыў Занкавец.

Паводле яго слоў, немцы ў трэцім перыядзе пераўзыходзілі беларусаў у руху, «кідкоў было шмат, але шанцаў для ўзяцця варот у іх было не больш, чым у першым і другім перыядах». «Хлопцы добра працавалі на сваім «пятачку», «падчышчалі» адскокі. Мне здаецца, павялічыць разрыў у нас было не менш шанцаў, чым у саперніка — зраўняць лік. Але, на жаль, атрымалася так, як атрымалася», — сказаў галоўны трэнер беларускай зборнай.

Перад тым як зборная Германіі зраўняла лік, Міхаіл Грабоўскі не рэалізаваў выхад сам‑насам.

«Гэты горшы момант у маёй кар’еры,

— прыводзіць словы гульца сайт Міжнароднай федэрацыі хакея. — Нам трэба было выйграваць, і мне зараз няма чаго каментаваць, таму што я не рэалізаваў свой выхад».

Зборная Беларусі завершыць выступленне не сусветным першынстве 17 мая матчам з датчанамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?