Упершыню ў Гомельскім цэнтральным парку заквітнела мужчынскае дрэва гінкга. Калісьці самыя першыя дрэвы, якія лічацца рэліктавымі, былі пасаджаныя ў парку яго заснавальнікамі князямі Паскевічамі.

На жаль, тыя ўнікальныя дрэвы падзялілі лёс многіх жыхароў Гомельшчыны — яны былі знішчаныя ў ліхалецце Вялікай Айчыннай вайны. Узамен іх у 60‑я гады былі высаджаны новыя. Прыкладна гадоў 10 таму заквітнела жаночае дрэва — маленькімі белымі кветкамі. Але ж мужчынскае дрэва было яшчэ «зусім юнаком», расказвае загадчыца навукова‑асветніцкага аддзела Гомельскага палацава‑паркавага ансамбля Надзея Брагіна:

— Цяпер наш «юнак» стаў сапраўдным мужчынам — заквітнеў каташкамі. Упершыню мужчынскае дрэва гінкга білоба двухлопасцевага цвіце прыкладна ў 50 гадоў. Гінкга — «жывы выкапень», дрэва існавала ад 2,5 мільярда да 250 мільёнаў гадоў таму. Гэта адзіны прадстаўнік «пераходнага звяна» паміж папаратнікамі і хвойнымі раслінамі. Пры гэтым дрэва ўстойлівае да задымлення паветра, грыбковых і вірусных захворванняў і нават насякомых. Пра яго ёсць цікавыя гісторыі. Костачка дрэва ядомая — салодзенькая. Атрымліваюцца такія абрыкосікі — нездарма ж яшчэ адна назва дрэва ў перакладзе з японскай мовы — сярэбраны абрыкос.

У Японіі костачку спажываюць разам з сакэ — каб не п’янець. Драўніна гінкга практычна не згарае. Расказваюць, што ў Кітаі ў 1623 годзе здарыўся пажар, дрэвы вакол загінулі, а гэтае было пашкоджана, але выжыла. Ёсць легенда, згодна з якой, мужчынскае і жаночае дрэвы гінкга — гэта юнак і дзяўчына, якія вельмі кахалі адно аднаго, але не здагадваліся пра тое, што пачуцці ўзаемныя. Дзяўчына звярнулася да Бога, каб дачакацца ўзаемнасці ад юнака, і папрасіла ператварэння ў дрэва, якое жыве на Зямлі вельмі доўга. Бог выканаў яе жаданне і даў ёй імя Гінкга. Аднойчы юнак прыйшоў да дзяўчыны, але яе не было ўжо. І ён выказаў Богу такое ж пажаданне — каб іх каханне было вечным. З тых часін на Зямлі і растуць мужчынскія і жаночыя дрэвы гінкга.

Хто ведае, можа, прыгожая легенда ўзнікла таму, што лісток дрэва па форме аддалена нагадвае сэрца — таму яго часта называюць дрэвам кахання. Быў нядоўгі час, калі ў гомельскі парк ішлі закаханыя, каб павесіць на галіны каляровыя стужачкі. Аднак у супрацоўнікаў парку атрымалася перамагчы гэтую традыцыю. Расліны знаходзяцца ў самым сэрцы парку — ля фантана насупраць палаца Паскевічаў. Адна ад адной стаяць на адлегласці ў 20 метраў.

— Неаплодненыя костачкі да гэтага не прарасталі, — кажа Надзея Брагіна. — Мы спадзяёмся, што наша «дама‑гінкга» сёлета аплодніцца ад «мужчыны‑гінкга» і ў іх будуць «дзеткі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?