За час Х міжнароднага байк‑фестывалю 20 яго ўдзельнікаў былі затрыманыя за кіраванне матацыклам у стане ап’янення. Байкерскі форум праходзіў 28—30 мая ў Брэсце, а таксама на базе аздараўленчага цэнтра «Арляня» ў Жабінкаўскім раёне.

Як паведаміла начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ Брэсцкай вобласці Наталля Сахарчук, усе парушальнікі былі затрыманыя падчас выезду з тэрыторыі «Арляня», з іх 16 матацыклістаў з Беларусі і чатыры — з Расіі. У дачыненні да іх складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Паводле слоў прадстаўніка ДАІ, на мінулагоднім фестывалі было выяўлена 23 п’яныя матацыклісты. Як і ў мінулыя гады ні аднаго ДТЗ з удзелам матацыклістаў, якія прыехалі на байкерскі злёт, зафіксавана не было.

Усяго Х міжнародны байк‑фестываль сабраў больш за 3 тыс. матацыклістаў з Беларусі, Польшчы, Расіі, Літвы, Латвіі, Украіны, Германіі, Галандыі, Фінляндыі, Чэхіі, Швецыі.

«Абласная Дзяржаўтаінспекцыя — адзін з арганізатараў гэтага форуму, на якім мы ставім перад сабой задачы па папярэджанні аварый на дарогах рэгіёна з удзелам матацыклістаў, а таксама прыцягненні да нашых прафілактычных акцый саміх байкераў», — падкрэсліла Сахарчук.

Паводле яе слоў, на цяперашнім байк‑фестывалі матацыклісты з Расіі выказалі жаданне ўзяць удзел у абласным аўтапрабегу, які пройдзе ў чэрвені ў рамках сумеснага праекта Дзяржаўтаінспекцыі і брэсцкага мотаклуба «Залатое крыло» — «ДАІ і матацыклісты за бяспеку на дарогах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?