Так мяркуе Марк Бернштэйн, індывідуальны прадпрымальнік, прадстаўнік IT‑бізнесу. Пра наступствы ўваходжання ў сілу ўказа прэзідэнта №60 ад 1 лютага 2010 года «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі інтэрнет» ён паведаміў 2 чэрвеня ў Мінску ўдзельнікам пасяджэння круглага стала «Бізнес і права». Мерапрыемства было арганізавана Асацыяцыяй малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Марк Бернштэйн лічыць, што

ўладальнікі устаноў, для кліентаў якіх паслуга Wi‑Fi прадастаўляецца бясплатна, наўрад ці пойдуць на тое, каб фіксаваць у журнале іх звесткі, час уваходу ў інтэрнет і выхаду з яго, рабіць іншыя дзеянні, прадугледжаныя ўказам.

Гэта, паводле яго слоў, можа адбіцца на «зорнасці» беларускіх гасцініц, абавязаных мець бясплатную паслугу бесправаднога доступу ў інтэрнет. У выніку становяцца відавочнымі праблемы для гасцінічнага і турыстычнага бізнесу, сказаў Бернштэйн.

Як адзначыў прадпрымальнік, неабходнасць фіксаваць кожнага карыстальніка, перыяд яго працы і г.д. створыць чэргі ў інтэрнет‑клубах, пазбавіць магчымасці карыстацца гэтымі паслугамі падлеткаў, якія не маюць пашпартоў.

«Дзякуючы» ўказу, заявіў Бернштэйн, беларускім прадпрыемствам, якія прапаноўваюць розныя тавары, прыйдзецца пераносіць свае інтэрнет‑пляцоўкі на беларускі хостынг, калі яны былі ў іх за мяжой. «А гэта не толькі старонкі, але і праграмныя комплексы, якія працуюць зараз на магутнасцях у Еўропе і ЗША», — канстатаваў бізнесмен. Акрамя таго, рэкламавацца магчыма будзе толькі ў беларускім сегменце сеткі, што створыць праблемы для экспарцёраў, лічыць Марк Бернштэйн.

Ацэньваючы ўказ, кіраўнік Асацыяцыяй малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін адзначыў: «Цалялі ў апазіцыю, а трапілі ў бізнес. У выніку атрымалі перарэгістрацыю інтэрнет‑рэсурсаў. Для бізнесу стварылі праблему на пустым месцы». Ён прагназуе, што вынікам уваходжання ў сілу прэзідэнцкага акта стане скарачэнне дзейнасці правайдэраў, кампаній, якія прадастаўляюць хостынг, і наогул дэградацыя беларускага сегмента інтэрнета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?