Па слядах фестывалю беларускай культуры ва Ўкраіне «Беларуская вясна — 2010» гутарка з прэсавай сакратаркай фэсту Верай Гладкых.

«Наша Ніва»: Фестываль «Білоруська весна-2010» выглядаў дужа апазіцыйна: рыторыка пра падпольную партызанскую культуру Беларусі, бел-чырвона-белыя сцягі…

Вера Гладкых: Наконт бел-чырвонага-белага сцяга: для ўкраінцаў гэта не сцяг апазіцыі, гэта проста сцяг Беларусі, і таму асабліва ніхто не прыдаваў гэтаму надта палітычнага значэння, як тое робяць у Беларусі. Наконт партызанскасці беларускай культуры — так, мы лічым, што гэта праўда, у Беларусі творцы робяць падпольна, зберагаюць культуру насуперак усяму. Але гэта яшчэ адна рэч, якая нас прываблівае. У нас ва Ўкраіне амаль няма табу і забарон, і спажыўцам культуры зрабілася трохі так нецікава, а беларуская культура праз сваю забароненасць мае, так бы мовіць, «смак жыцця». Без цяжкасцяў не бывае сапраўднай творчасці. Але разам з тым у параўнанні з першымі «Вёснамі» мы адыходзімся ад палітыкі. Фестываль мяняецца. Цяпер абсалютна зразумела, што палітычнымі лозунгамі нічога не даб’ешся, трэба мяняць мазгі.

«НН»: Якія вынікі фэсту?

ВГ: Дасягненне нумар адзін — адкрыццё «Беларускай палічкі» ў сетцы кнігарняў «Є». Цяпер украінскі чытач зможа без праблем купляць беларускія кнігі. Дужа нас цешыць, што прывезеныя асобнікі кніжак размялі яшчэ ў дні фестывалю — мы заказваем новыя. Попыт ёсць. Па-другое, усё больш і больш людзей прыходзіць, маю на ў вазе шараговых украінцаў. Цікавяцца, перапытваюць. Вельмі важны для нас, што вобраз «апошняй дыкутатуры» або «апошняй выспачкі спакою і дабрабыту» (у залежнасці ад таго ці іншага стэрэатыпа украінцаў), знікае. Яшчэ як падзею лічу прэзентацыю незалежнага каналу «Белсат», мы нават не уявлялі, што азначае працаваць на тэлебачанні, якое афіцыйна існаваць не можа, а яшчэ былі выцінанкі, выстава беларускіх прэс-фота, паказ шыкоўных мультфільмаў Міхаіла Тумелі.

«НН»: Як многа фэст адведала беларусаў, якія жывуць ва Ўкраіне?

ВГ: Блізу чвэрткі наведнікаў былі беларусы. У Днепрапятроўску падыходзіла адна жанчына, каб проста пачуць родную беларускую мову — амаль плакала. Так што «настальгуючы працэнт» робіць у наш фестываль свой пасільны ўнёсак.

«НН»: Па-за «Беларускай вясной» ці ёсць беларускае жыццё ў Кіеве?

ВГ: Так, гэта нядаўна створаны беларускай амбасадай «Беларускі культурны цэнтр» і «Белразмоўклуб», які я наведваю. Мы, людзі розных прафесіяў і неабавязкова з беларускімі каранямі, збіраемся і размаўляем — пра Беларусь, па-беларуску.

З гэтага году ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Шаўчэнкі адкрылася спецыяльнасць «Беларуская філалогія», ад якой будзе, спадзяюся, вялікі плён. Нават калі туды пойдуць пераважна дзеля «корачкі» прэстыжнага ВНУ, маю надзею, праз пяць гадоў выпусцяцца шчырыя прыхільнікі беларускай культуры.

«НН»: Увогуле, наколькі беларуская культура вядомая ва Ўкраіне?

ВГ: З высокай культуры ведаюць Васіля Быкава і яго творчасць. Прычым людзі памаладзей ведаюць яго як хутчэй расійскага пісьменніка. З беларускай музыкі нічога сучаснага сярэднестатыстычны ўкраінец, напэўна, не ведае: той жа «Ляпіс Трубяцкой» прымаецца як расійскі выканаўца, і калі кажу сябрам: «Ведаеце, у «Ляпіса» ёсць песні на беларускай мове, яны кажуць: «Не можа быць!» З людзей, якія цікавяцца беларускай культурай, гэта найперш рок-музыка і ў прыватнасці N.R.M. Вядома, Чароўнага трусікавода, Юру Дземідовіча, ведаюць, але ж хто яго не знае! Увогуле кажучы, калі беларускія творцы прыязджаюць на дзяржаўным узроўні, дык як правіла з расійскамоўным пастаноўкамі, песнямі… Але шмат ведаюць ва Ўкраіны пра сакральныя сімвалы беларусаў — васількі, бульбу, буслоў. Яшчэ ведаюць традыцыйныя песні, якія часткова ў нас агульныя.

«НН»: Анекдоты пра беларусаў ва Ўкраіне травяць?

ВГ: Анягож. Беларусы выстаўляюцца ў іх як законаслухмяныя, міралюбівыя, незласлівыя. Калі што высмейваецца, дык беларуская вытрымка і лёгкая зацыкленасць на сваёй працы, калі чалавек нічым іншым асабліва не цікавіцца. Але пры слове «беларусы» ўкраінцы па-добраму ўсміхаюцца, як-ніяк роднасная культура. Старэйшая пакаленне дык увогуле ў захапленні ад беларусаў, бо ўзгадкі пра іх напамінаюць ім савецкае мінулае.

«НН»: Апошнія палітычныя перамены ва Украіне, то бок абранне Януковіча, не паспрыялі павышэнню цікаўнасці да Беларусі?

ВГ: У далёкім 2005 г. Рыгор Барадулін прыязджаў ва Украіну, дык казаў: «Сябры-ўкраінцы, глядзіце на беларусаў і так не рабіце». Так, сапраўды, калі паказаць палітычную Беларусь, дык яна служыць хутчэй кепскім узорам. Да беларускага прыкладу апеляваць можна, але вельмі не хочацца. Хочацца ладзіць фэсты не пра палітыку, а пра тое, якія файныя ў Беларусі ёсць творцы і людзі.

«НН»: Нашто украінцам беларуская культура? Хто арганізоўвае такія фэстывалі як «Білоруська весна-2010»?

ВГ: Гэта суполка «Беларускі дэсант» (belarus.org.ua) — беларускія ўкраінцы і ўкраінскія беларусы. Каму проста цікава рабіць. Беларуская дзяржава нас не падтрымлівае, і гэта добра. Што да мяне, дык мне асабіста прыпала да душы беларуская мова, хачу яе чуць бясконца. І на фэстах ёсць такая мажлівасць гэта здзейсніць. І яшчэ на фэсце я знайшла сваё беларускае каханне. Усё проста.

«НН»: Як папулярызатар беларускай культуры што параіце беларусам?

ВГ: Нельга прымусіць чалавека любіць тую ці іншую культуру, а толькі ласкава прапанаваць: «А ці ведаеце вы, што ў беларусаў такія і такія песні, такія і такія кінастужкі, паглядзіце, гэта цікава». Менш гэтага палітычнага пафасу. Палітыка адштурхоўвае патэнцыйных гледачоў. Культура — найлепшая зброя.

Віра Гладкых — прэсавы сакратар фэсту «Білоруська весна-2010» і актыўны папулярызатар беларушчыны ва Ўкраіне. Паводле яе словаў, першы раз што пачула як размаўляюць па-беларуску, яе «наглуха заклініла». Носіць татуяванку ў выглядзе васілька, якую зрабіла яшчэ да свайго зацікаўлення беларускай культурай, але якая «безумоўна, сведчыць пра перадвызначанасць лёсу». Студэнтка філалагічнага факультэту Кіеўскага ўніверсітэту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?