Усё летам было б добра: прагулкі, пікнікі, проста хатняе баўленне часу, калі б не пісклівая напасць — камары. Ад гэтых назойлівых вампіраў няма спасу ні ноччу, ні днём. Як жа правесці лета без камарыных укусаў?

Каварныя прыстасаванцы

Камары з’яўляюцца ў маі, а знікаюць у верасні‑кастрычніку. За сезон даюць ад 1 да 3 пакаленняў, адкладваючы яйкі ў стаячую ваду, якая першай патрапілася: рэчку, лужу, бочку на агародзе, нават у бляшанку з‑пад кансервы з вадой. Да восені самцы камароў выміраюць, а самкі вядуць вегетарыянскі лад жыцця, харчуючыся толькі сокам раслін. Хаваючыся ў шчылінах пнёў, пад лісцем яны заміраюць да вясны. Прыстасаваліся піскуны і да гарадскіх умоў. Там яны аблюбавалі для зімоўкі падвалы дамоў, адкуль пранікаюць у кватэры праз вентыляцыйныя шахты.

Самцы, якія раяцца вечарам над сцежкамі, нікому шкоды не прыносяць. Нараджаюцца яны на свет для шлюбных танцаў і кахання, а харчуюцца выключна нектарам кветак. Кроў смокчуць выключна самкі камароў (праўда, без мікраскопа адрозніць іх ад самцоў немагчыма).

«Вампірыць» іх вымушае інстынкт прадаўжэння роду — у крыві ўтрымліваюцца бялкі, неабходныя для развіцця яек.

Калі тэмпература паветра падымаецца вышэй за 28°С, камары не высоўваюць на вуліцу носа — у сухім паветры пісклівая эскадрылля не трымаецца, страчвае ваду. пры тэмпературы ніжэй за 16°С — ім холадна. І

ншая рэч сыры вечар, калі на тэрмометры паміж 18—26, а адносная вільготнасць — 80—90 % — вось тут хавайся, хто можа:

у камароў пачынаецца крывавы баль. Пры выбары ахвяры самка арыентуецца на вуглякіслы газ, які выдыхае чалавек (радыус выяўлення да 12 метраў), на цеплавое выпраменьванне, а таксама на пах малочнай кіслаты, які ўтрымліваецца ў поце. Самка камара рэагуе таксама на святло, аддае перавагу асветленым памяшканням.

Камары — гурманы: яны любяць кусаць дзяцей (з‑за тонкай скуры) і дарослых, якія моцна пацеюць (дарэчы, пах малочнай кіслаты самкі могуць учуць за тры кіламетры).

Перш чым самка пачынае смактаць кроў, яна ўводзіць пад скуру рэчыва‑антыкаагулянт, якое не дазваляе згусаць крыві і дае магчымасць удосталь ёй напіцца. Дарэчы, менавіта гэта рэчыва выклікае сверб, ацёк, пачырваненне на месцы ўкусу, а ў некаторых выпадках і цяжкую алергічную або таксічную рэакцыю, калі кусаюць адразу некалькі насякомых.

Як абараніцца?

Фуміганты, рэпеленты, ультрагук… Асартымент зброі супраць піскуноў‑крывасмокаў з кожным днём павялічваецца. Што выбраць? Прапануем рэйтынг «антыкамарынаў».

Першае месца займаюць электрычныя фуміганты, таму што яны амаль не маюць супрацьпаказанняў і вызначаюцца высокай эфектыўнасцю. Фуміганты — рэчывы, якія забіваюць або паралізуюць камароў. Часцей за ўсё ў нашых крамах можна ўбачыць фуміганты двух тыпаў — электрафумігатары і піратэхнічныя прыстасаванні.

Электрафумігатары — гэта прыборы, якія складаюцца з электранагравальнага апарата і пласцін, насычаных рэчывам, шкодным для насякомых, — інсектыцыдам. Замест пласцінкі інсектыцыд можа таксама ўтрымлівацца ў вадкім выглядзе ў флакончыку (па эфектыўнасці вадкія фуміганты не адрозніваюцца ад сухіх). Цяпло ў такіх прыборчыках з’яўляецца прынадай і адначасова прымушае інсектыцыд актыўна выпарацца.

І ўсё ж асцярожнасць не пашкодзіць і тут. Рэч у тым, што па падліках спецыялістаў, прыкладна ў 12 % людзей інсектыцыды выклікаюць алергічную рэакцыю. Таму першы час карыстання фумігатарам уважліва сачыце за сваім самаадчуваннем. Калі ўзнікае галаўны боль, нечаканыя высыпкі на скуры, закладае нос або пяршыць горла, лепш адмоўцеся ад прыбора.

Піратэхнічныя фуміганты — дымячая спіраль. Яна прызначана для выкарыстання на прыродзе. Мінусы: нельга выкарыстоўваць кормячым жанчынам і хворым на астму; нельга паставіць у цэнтры стала (таму лепш запальваць 2‑4 спіралі, расставіўшы іх за спінамі людзей); дзеянне залежыць ад ветру. Радыус дзеяння — 3 метры.

Другое месца атрымалі рэпеленты, бо пры высокай эфектыўнасці яны маюць шэраг супрацьпаказанняў.

Рэпеленты адпужваюць крывасмокаў, але не забіваюць іх. Яны выпускаюцца ў выглядзе крэмаў, мазяў, эмульсій, ласьёнаў. Многія з іх супрацьпаказаны дзецям, цяжарным і кормячым жанчынам, а таксама людзям з павышанай адчувальнасцю скуры. Таму перад прымяненнем прачытайце інструкцыю да канкрэтнага рэпеленту. Калі супрацьпаказанняў у вас няма, то наносьце яго на адкрытыя часткі цела тонкім слоем, не ўціраючы.

Не наносьце сродак на пашкоджаную скуру, не дапускайце яго папа‑ дання на слізістыя абалонкі вуснаў, носа, вачэй. Калі прэпарат усё ж трапіў на слізістыя, старанна прамыйце іх струменем вады або растворам соды (1 ч. лыжка на шклянку вады).

На апошнім месцы апынуліся ўльтрагукавыя прыборы: яны хоць і абсалютна бясшкодныя, але і самыя малаэфектыўныя. Рэч у тым, што ўльтрагукавыя сігналы, якія выпрацоўваюць такія «антыкамарыны», непрыемныя для камароў. Але не настолькі, каб надоўга адвадзіць іх ад «здабычы».

Народныя памагатыя

Калі вы вырашылі абысціся без хіміі, ёсць мноства народных сродкаў для барацьбы з камарэчай. Яны не любяць пах гваздзікі, анісу, эўкаліпту, кедру, валяр’яну, камфоры, а таксама тытунёвага дыму і дыму ад злёгку прасушанай ігліцы ядлоўцу, сасновых або яловых шышак.

Калі камар укусіў

Не чашыце месца ўкусу, каб не пашкодзіць скуру — так у рану можа патрапіць інфекцыя. Зняць сверб дапамагаюць шматразовыя праціранні растворам пітной соды, борным спіртам, настойкай календулы ці пропалісу, карвалолам або валакардзінам, зрэзам цыбуліны, смятанай.

Прыкладзіце да месца што‑небудзь халоднае (холад зніме сверб і зменшыць ацёк).

На камарыны антыкаагулянт можа ўзнікаць алергія — скура чырванее і моцна свярбіць (нават калі не расчэсваеш). У гэтым выпадку выпіце таблетку антыгістаміннага прэпарату.

Цікава

Многіх цікавіць пытанне, колькі крыві выпівае камар за адзін раз. У выпадку поўнай «напампоўкі» вага выпітай крыві можа перавышаць вагу самкі ў два разы. Вядома, што самка гарадскога камара з сярэдняй вагой 2,6 мг можа выпіць 5,2 мг крыві. Такая сытная трапеза адмоўна адбіваецца на яе лётных здольнасцях, аднак за кошт хуткага абязводжвання прынятай крыві і выдзялення лішку вады здольнасць лятаць хутка аднаўляецца. Колькасць выпітай крыві залежыць не толькі ад памеру самкі, але і ад знешніх абставінаў: напрыклад, патрывожаная самка не паспявае насмактацца цалкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?