Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч прыпыніў галадоўку, аб’яўленую ім у следчым ізалятары №1 Мінска. Пра гэта паведаміў яго адвакат Павел Сапелка.

Аўтуховіч аб’явіў галадоўку 16 чэрвеня. Доўгі час ён безвынікова дамагаецца аказання яму медыцынскай дапамогі па пратэзаванні зубоў. Як першы крок да вырашэння гэтай праблемы асуджаны запатрабаваў сустрэчы з намеснікам начальніка па медыцынскай часці дэпартамента выканання пакаранняў МУС.

Паводле слоў Сапелкі,

Аўтуховіч дамогся выніку на першым этапе выканання яго патрабаванняў.

«Адміністрацыя калоніі ўсё‑такі выканала сваё абяцанне і арганізавала яму сустрэчу з чыноўнікам, які адказвае ў дэпартаменце выканання пакаранняў за аказанне медыцынскіх паслуг. У выніку сустрэчы, якая прайшла 22 чэрвеня, была дасягнута дамоўленасць, што на працягу двух дзён да Аўтуховіча прыедзе спецыяліст, які яго агледзіць на прадмет магчымасці аказання дапамогі па пратэзаванні зубоў», — сказаў адвакат.

Ён лічыць, што

дапамогу Аўтуховічу могуць аказаць толькі ў Мінску.

»На час лячэння Аўтуховіч павінен знаходзіцца ў сталіцы. Калі гэтага не адбудзецца, то, калі яго адправяць у калонію, паўнавартасная дапамога аказана не будзе. Тады Аўтуховіч можа аднавіць галадоўку, і я не выключаю, што ў гэтым выпадку яна будзе »сухой», — заявіў Сапелка.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Волчак, магчыма, што на час лячэння і пратэзавання зубоў Аўтуховіча перавядуць з СІЗА № 1 у іншае месца. «Зубны кабінет, які быў у СІЗА, расфарміраваны два гады таму нібыта з‑за непатрэбнасці. Таму Аўтуховіча давядзецца кудысьці перавесці», — адзначыў Волчак.

На яго думку,

сваёй галадоўкай Аўтуховіч вырашае не толькі свае праблемы, але і праблемы »ўсіх, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, — гэта прыблізна 37 тыс. чалавек».

«У нас людзі сядзяць у турмах па 10—15 гадоў і часта не могуць атрымаць такую ж медыцынскую дапамогу, у якой мае патрэбу Аўтуховіч. Таму яго галадоўка важная і для іх», — сказаў Волчак.

6 мая Вярхоўны суд прыгаварыў Аўтуховіча да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у перавозцы і захоўванні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі.

Праваабаронцы лічаць Аўтуховіча і іншых асуджаных па крымінальнай справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў палітзняволенымі, указваючы на сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні, зафіксаваныя падчас суда.

47‑гадовы Мікалай Аўтуховіч ужо неаднаразова праводзіў галадоўкі пратэсту. Яго апошняя галадоўка доўжылася з 16 красавіка па 16 ліпеня 2009 года. За гэты час Аўтуховіч схуднеў на 35 кг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?