Беларусь папярэджвае патэнцыйных інвестараў, якія возьмуць удзел у яе дэбютным выпуску еўрааблігацый, пра тое, што ключавой рызыкай у межах дадзенага размяшчэння робяцца нестабільныя адносіны паміж Мінскам і Масквой.

«Пагаршэнне адносін Беларусі з Расіяй можа негатыўна паўплываць на пастаўкі энерганосьбітаў Беларусі і расійскія інвестыцыі ў Беларусь, што можа адмоўна паўздзейнічаць на беларускую эканоміку», — цытуе Reuters папярэдні праспект еўрабондаў Беларусі, датаваны 9 ліпеня.

У копіі дакумента, якая паступіла ў распараджэнне агенцтва, цэлых сем старонак тэксту прысвечана апісанню рызыкі, звязанай з інвеставаннем у Беларусь.
«Інвеставанне ў рынкі, якія развіваюцца, падобныя да Беларусі, спалучанае з высокай ступенню рызыкі, і інвестары павінныя асабліва старанна падыходзіць да ацэнкі гэтай рызыкі», — гаворыцца ў дакуменце.

У прыватнасці, у ім адзначаецца, што беларуская эканоміка характарызуецца «вузкай экспартнай базай, залежнасцю ад імпарту, дэфіцытамі бюджэту і плацёжнага балансу, нізкімі валютнымі рэзервамі, апорай на замежнае фінансаванне і зменлівымі палітычным, эканамічным, сацыяльным, прававым і нарматыўным асяроддзямі».

На гэтым тыдні прадстаўнікі Беларусі пачалі серыю сустрэч з інвестарамі ў Еўропе напярэдадні першага для краіны размяшчэння еўрааблігацый. Мінск плануе выпусціць еўрабонды на суму да 1 млрд даляраў. Арганізатарамі размяшчэння выступаюць BNP Paribas, Deutsche Bank, Royal Bank of Scotland і «Сбербанк» Расіі. Усяго ў 2010–2011 Беларусь можа пазычыць на замежных рынках да 2 млрд даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?