У рэдакцыю «НН» звярнуўся чытач Уладзімір Асаулаў, які жыве ў Маскоўскім раёне сталіцы на вуліцы Любімава.
Паводле словаў спадара Асаулава, у яго доме ўжо чацвёрты дзень запар цячэ брудная вада карычневага колеру. Як халодная, так і гарачая. На ўсе звароты ў ЖЭСе толькі паказваюць тэлефанаграму з Мінскводаканала. І абяцаюць, што ў бліжэйшы час вада будзе мець нармальны колер.

«Я не хачу гэта цярпець. Мы ўсе некаторы час таму самастойна памянялі вадаправодныя трубы ў будынку. Мы плацім за пітную ваду, а не за тэхнічную», — распавёў «НН» Уладзімір Асаулаў.

У 99-м ЖЭСе, які абслугоўвае раён вуліцы Любімава, карэспандэнту «НН» таксама зачыталі тэлефанаграму і параілі звяртацца ў вадаканал. Там удакладнілі што колер вады ў Маскоўскім раёне Мінска насамрэч можа адрознівацца ад звычайнага. Патлумачылі гэта прычынамі біялагічнага характару і запэўнілі, што ніякай шкоды здароўю такая вада не можа нанесці. Паабяцалі таксама, што ў бліжэйшыя дні вада ізноў стане бясколернай.

Больш падрабязна сітуацыю «НН» пракаментаваў намеснік кіраўніка мінскай вадаправоднай сеткі Анатоль Чарнаморац: «Праз анамальна высокую тэмпературу у вадзе з’явіліся сіне-зялёныя водарасці. Пры кантакце з азонам, які выкарыстоўвацца для ачысткі вады, яны прыдаюць ёй карычневае адценне. Каб зменшыць наступствы, мы пачалі выкарыстоўваць актываваны вугаль замест азона. Аднак хачу зазначыць, што вада была і застаецца прыдатнай для піцця». А.Чарнаморац таксама зазначыў, што сам жыве ў такім раёне Мінска, дзе вада набыла непрыемнае адценне:

«Я сам у Малінаўцы жыву. У нас некалькі дзён такое назіралася, аднак ужо сёння ўсё нармальна. У бліжэйшыя дні сітуацыя нармалізуецца і ў іншых раёнах горада.
Нашы службы пастаянна кантралююць якасць вады — яна застаецца прыдатнай да ўжывання нават негледзячы на такое адценне».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?