Пажары ў раёнах Бранскай вобласці, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, не прывядуць да істотнага паўторнага заражэння і не нанясуць шкоды здароўю людзей, запэўніваюць спецыялісты ў сферы распаўсюджання атмасферных забруджанняў і эколагі.

«Цяперашнія пажары ні ў якім выпадку не прывядуць да паўтору Чарнобыля або да новага чарнобыльскага воблака, якое было ў 1986 годзе… Гэта не прывядзе да смерці ні ў якім выпадку, гэта не прывядзе да раку або інвалідызацыі, шкоды здароўю», — заявіў РІА Новости кіраўнік энергетычнай праграмы «Грынпіс Расіі» Уладзімір Чупроў.

«Ніякага „другога Чарнобыля“ проста быць не можа», — сказаў дырэктар Федэральнага інфармацыйнага аналітычнага цэнтра (ФІАЦ) Расгідрамета Валерый Касых.

Упершыню пра патэнцыйную пагрозу распаўсюджання радыяцыі ў выпадку ўзнікнення пажараў у Бранскай вобласці, якая была заражаная радыяцыяй пры аварыі на ЧАЭС, заявіў на мінулым тыдні кіраўнік МНС Расіі Сяргей Шайгу. Пазней намеснік дырэктара Інстытута бяспечнага развіцця атамнай энергетыкі Рафаэль Аруцюнян заявіў, што дадатковыя дозы апраменьвання ад прадуктаў гарэння будуць на некалькі парадкаў меншыя за прыродны фон. Кіраўнік цэнтра «Антыстыхія» МНС паведаміў, што прыродныя пажары ў Бранскай вобласці не прывялі да павелічэння радыяцыйнага фону.

Разам з тым начальнік ФІАЦ пацвердзіў, што пажар у той мясцовасці, дзе раней асеў радыяцыйны пыл, сапраўды можа зноў узняць яго ў паветра і пагоршыць радыяцыйнае становішча.

«Гэта здарылася раней, калі ва Украіне былі пажары адразу пасля Чарнобыля. Падчас гарэння адбываецца ўздым у паветра паверхневага слою, пылу. Апрача таго, у раслінах назапашваюцца радыеактыўныя рэчывы, і попел ад пажару будзе несці і прадукты згарання драўніны з утрыманнем такіх рэчываў», — сказаў Касых.

Аднак, падкрэсліў ён, пажары маглі істотна мяняць сітуацыю толькі ў першыя гады пасля аварыі на ЧАЭС: «Тады ўсё яшчэ ляжала зверху. Зараз пылу застаецца ўсё менш, ужо хутка 25 гадоў з моманту аварыі, паціху ўсё гэта заглыбляецца. На паверхні ўсё менш і менш усяго застаецца».

Чупроў не згодны з гэтым меркаваннем. Спасылаючыся на звесткі «Грынпіс», ён заявіў, што зніжэння колькасці радыеактыўных рэчываў у Бранскай вобласці не зафіксавана.

«Ёсць меркаванне, што расліны проста „падцягваюць“ радыенукліды з больш глыбокіх слаёў», — сказаў ён.

Аднак, паводле слоў Чупрова, хутчэй за ўсё, размова можа ісці толькі пра малыя дозы радыяцыі, што будуць пагражаць у першую чаргу мясцоваму насельніцтву і пажарным, якія працуюць на пажарах.

Кіраўнік ФІАЦ зазначыў, што ў пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнах Бранскай вобласці няма вялікіх пажараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?