Яўген Шадко. Без назвы. (фота - Вікторыі Шчарбаковай).

Яўген Шадко. Без назвы. (фота - Вікторыі Шчарбаковай).

Андрусь Такінданг. "Бывай,Амерыка!" (фота - Вікторыі Шчарбаковай).

Андрусь Такінданг. "Бывай,Амерыка!" (фота - Вікторыі Шчарбаковай).

Выстаўныя залі галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (Незалежнасці, 37А) даверылі маладым мастакам. Фатаграфія, відэа, інсталяцыя, арт-аб’екты і жывапіс алеем. Даверылі, але ж праверылі: прапанавалі ім зрабіць свае версіі прац ужо вядомых мастакоў, такіх як Міхаіл Гулін, Віталь Брусінскі, Андрэй Лянкевіч, Сяргей Кірушчанка і Зоя Луцэвіч. Мэта праекта «Карціна алеем» — паглядзець наколькі маладыя і старэйшыя мастакі далёкія адзін ад аднаго, і ці могуць яны ўзаемадзейнічаць.

Дык нашто рабіць перапевы яшчэ нестарога мастацтва?

— Не, гэта не злепкі, не рэплікі, — кажа Аляксей Лунёў, мастак і куратар выставы. — Мы не навязвалі маладым мастакам рабіць «кропля ў кроплю». Мы ім дазволілі хутчэй паразважаць над творамі сваіх старэйшых калег, пераасэнсаваць іх і адчуць іншага мастака. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што маладыя мастакі памянялі жанр першапачатковых твораў: былі фатаграфія, інсталяцыі, скульптура, а на выхадзе атрымаўся алейны жывапіс (такія ўмовы выставы).

Алейны жывапіс — кансерватыўны стыль, тут ужо сталыя, даўно распрацаваныя, кампазіцыя і сюжэт. У той жа час моладзь больш занятая эксперыментам: стрыт-артам (вулічным мастацтвам) і камп’ютарным жывапісам. Аднак, лічаць арганізатары выставы «Карціна алеем», пасля здзяйснення праекту алейны жывапіс моцна ўхапіў маладых мастакоў у свае абоймы. Вось рэпартажны здымак Андрэя Лянкевіча пад пэндзлем Яўгена Шадко ператварыўся ў мала не класічны твор выяўленчага мастацтва. На карціне Яўген намаляваў сябе самога, якога вядуць АМАПаўцы.

— Гэтая карціна мне нагадвае творы перасоўнікаў, — кажа Аляксей Лунёў. — Дзякуючы таленту мастака карціна пераходзіць мяжу часовага, і яе можна будзе паказваць праз колькі дзесяцігоддзяў. У ёй жа сюжэт амаль універсальны: два брутальных чалавекі супраць юнака.

Выстава «Карціна алеем» працягнецца да 19 верасня.

Дарэчы, на выставе можна ўбачыць творцаў, вядомых у іншых галінах мастацтва. Напрыклад карціны аўтара маладзёвага рамана «Бег» Аляксея Талстова, а таксама працы музыкі, лідэра гурту «Рэха» Андруся Такінданга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?