Сёння — першы дзень новага навучальнага года. За школьныя парты ў Беларусі сядуць 950 тысяч вучняў, у тым ліку прыкладна 86,3 тысячы першакласнікаў.

Першы ўрок новага навучальнага года прысвечаны тэме «Беларусь — краіна маёй будучыні». Першакласнікам будуць уручаны кнігі «Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь першакласніку».

Колькасць школьнікаў сёлета зменшылася на 33,4 тысячы, першакласнікаў — практычна не змянілася.

У краіне налічваецца 3.531 навучальная ўстанова, у тым ліку 214 гімназій, 29 ліцэяў, тры кадэцкія вучылішчы і шэсць навучальна-педагагічных комплексаў сярэдняя школа (гімназія) — каледж мастацтваў. У параўнанні з мінулым годам колькасць агульнаадукацыйных устаноў скарацілася на 59. Разам з тым адкрыліся шэсць новых сярэдніх школ.

43% навучальных устаноў Беларусі маюць рускую мову навучання, 52% — беларускую, у астатніх — двухмоўе. Пры гэтым усе прадметы на беларускай мове вывучаюць 18% вучняў, на рускай — 77%, астатнія вучацца на дзвюх мовах.

У новым навучальным годзе ў школах уводзіцца дадатковая гадзіна для вывучэння замежнай мовы. У агульнаадукацыйнай школе на яе вывучэнне будзе адводзіцца тры гадзіны ў тыдзень, у гімназіі — пяць.
Апрача таго, на ўроках замежнай мовы клас будзе раздзелены на тры падгрупы (раней — на дзве).

Як заявіў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў 20 жніўня на форуме педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў Мінску, «патрэбнасці ў вывучэнні замежных моў — гэта патрэбнасці эканомікі». «Мы нацэленыя на экспарт, а для таго, каб тавар прадаць, трэба яго добра зрабіць, прыгожа ўпакаваць і дамовіцца аб продажы, — для гэтага патрэбныя мовы», — патлумачыў міністр.

Міністр таксама падкрэсліў важнасць развіцця фізкультуры. «Мы заўважылі, што дзеці ідуць зараз больш да камп’ютэра і не ідуць на стадыён», — сказаў ён. Каб змяніць сітуацыю, ва ўстановах адукацыі будуць «настойліва патрабаваць» выканання фізічных нарматываў, паведаміў Радзькоў.

Апрача таго, будзе працягвацца праца над укараненнем у сферу адукацыі сучасных тэхналогій, зазначыў Радзькоў.

З 1 верасня таксама ўступіў у дзеянне закон аб новых правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. У Мінадукацыі сцвярджаюць, што сістэма адукацыі да гэтага поўнасцю гатовая — ёсць адпаведныя дапаможнікі, слоўнікі, падручнікі, настаўнікі прайшлі перападрыхтоўку. Каб змякчыць пераход на новыя правілы, выкладчыкі беларускай мовы на працягу двух гадоў будуць выпраўляць памылкі, звязаныя з новымі правіламі, але не будуць іх улічваць пры выстаўленні ацэнак. А на цэнтралізаваным тэставанні не будзе пытанняў, якія б тычыліся змяненняў у арфаграфіі і пунктуацыі.

У новым навучальным годзе ў школах, хутчэй за ўсё, зоймуцца вывучэннем праваслаўнай культуры.
На разглядзе Нацыянальнага інстытута адукацыі знаходзіцца праграма факультатыўнага курсу «Асновы праваслаўнай культуры. Святыні беларускага народа». Вывучаць асновы праваслаўя падчас урокаў у школе не будуць — распрацаваная праграма заняткаў факультатыўнага курсу для вывучэння ў 1–11 класах школы.

Увядзенне такіх курсаў прадугледжана Праграмай супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквы на 2011–2015 гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?