Працэс сертыфікацыі нацыянальнай допінг-лабараторыі — працяглы і складаны, заявілі прадстаўнікі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва падчас сустрэчы ў беларускім НАК 21 верасня.

Спачатку допінг-лабараторыя павінна трапіць у спіс «магчымых для акрэдытацыі», затым прайсці перадакрэдытацыйны працэс і тэставанне на працягу трох гадоў, а затым выканкам ВАДА прымае канчатковае рашэнне.

«Мы гатовы працаваць з вамі, каб вырашыць гэтае пытанне, — заявіў галоўны менеджар аддзела стандартызацыі, гарманізацыі і выканання Сусветнага антыдопінгавага кодэкса ВАДА Эміліяна Сіманелі, словы якога прыводзіць прэс-служба НАК. — Але ён яшчэ рэгулюецца геаграфічным становішчам краіны, узроўнем развіцця навукі і медыцыны, актыўнасцю спецыялістаў спартыўнай і медыцынскай галіны, ступенню працы лабараторыі на нацыянальным узроўні».

Сіманелі адзначыў, што задаволены працай беларускай антыдопінгавай лабараторыі і Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва, Рэгіянальнага антыдопінгавага агенцтва краін Усходняй Еўропы, якое базуецца ў Мінску, а таксама «разуменнем усіх працэсаў у барацьбе з допінгам з боку беларускіх структур».

«Задача вам — павелічэнне колькасці тэстаў у спартсменаў на нацыянальным узроўні і з асаблівай увагай у спартсменаў міжнароднага ўзроўню. Таксама звярніце ўвагу на якасць тэставання. Мы гатовы вам дапамагаць і дзяліцца вопытам працы», — сказаў Сіманелі.

Заявы прадстаўнікоў ВАДА прагучалі ў адказ на рэмарку беларускага боку, што працэс прызнання Нацыянальнай антыдопінгавай лабараторыі з боку ВАДА доўжыцца з 2007 года.

Намеснік міністра спорту і турызму Дзмітрый Шычко паведаміў, што праца па барацьбе з допінгам у Беларусі вядзецца па нарастаючай. Укаранёны перадспаборніцкія і спаборніцкія тэсты. Калі ў 2006 годзе было зроблена 350 пробаў, то за восем месяцаў гэтага — 751. 60% з іх — перадспаборніцкія тэсты, 43% спартсменаў, якія правяраюцца, — ва ўзросце да 23 гадоў.

Падчас візіту прадстаўнікі ВАДА наведалі Музей алімпійскай славы і «Мінск-Арэну», дзе азнаёміліся з умовамі працы цэнтраў допінг-кантролю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?