Абарот нямецкай кампаніі «Бош» у Беларусі ў 2010 годзе можа скласці 42–45 млн. еўра супраць 29 млн. еўра ў 2009 годзе, паведаміў 7 снежня на сустрэчы з журналістамі кіраўнік прадстаўніцтва «Роберт Бош АГ» у Беларусі Уладзімір Рыбалоўлеў.

Паводле яго слоў, сёлета прагназуецца рост аб’ёму продажу па ўсіх кірунках, якія прадстаўлены ў Беларусі. У прыватнасці, у аўтасегменце аб’ём продажу запчастак спажыўцам складзе прыблізна 5 млн. еўра (у 2009 годзе — прыблізна 4 млн. еўра), што «дазволіць у прынцыпе задаволіць патрэбы беларускага рынку». Акрамя таго, «на канвеер» у межах супрацоўніцтва з Мінскім маторным заводам будзе пастаўлена камплектавальных вырабаў больш як на 10 млн. еўра.

У аб’ёме больш за 12 млн. еўра прагназуецца абарот у сегменце электраінструментаў.

Паводле слоў Рыбалоўлева, зроблены першыя крокі ў асваенні беларускага рынку security: сістэма назірання «Бош» устаноўлена на чыгуначным вакзале ў Мінску; сістэмай бяспекі «Бош» укамплектавана Нацыянальная бібліятэка.

Савет міністраў выкарыстоўвае канферэнц-сістэму «Бош», аналагічнымі сістэмамі абсталёўваюцца новыя беларускія гатэлі.

У канцы лістапада, паведаміў Рыбалоўлеў, прадстаўнікі падраздзялення Security System наведалі Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт для абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне сістэм бяспекі. Размова ішла, у прыватнасці, аб неабходнасці для студэнтаў свабодна валодаць нямецкай мовай для праходжання стажыроўкі на профільных прадпрыемствах «Бош».

Удалым прыкладам крос-селінгу (праца з прадпрыемствам адначасова па некалькіх кірунках) можна лічыць супрацоўніцтва «Бош» з БелАЗам у сферах аўтакампанентаў і сістэм бяспекі. Паводле слоў Рыбалоўлева, адзін з дылераў «Бош» выйграў тэндар на пастаўку абсталявання для аховы завода.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?