Выстава ювелірных вырабаў майстра з Брэста Мікалая Кузьміча «Ювелірыка» адкрылася 13 снежня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) ў Мінску.

У экспазіцыі прыкладна 150 работ, створаных Кузьмічом за апошнія два гады, у тым ліку дэкаратыўныя кампазіцыі і камплекты ювелірных упрыгажэнняў.

Дырэктар музея Наталля Шаранговіч назвала ўнікальнай выставу, дзе паказны «ўнікальныя рэчы майстра, які валодае ўнікальным мастацтвам». Паводле яе слоў, ідэя экспазіцыі ўзнікла ў 2006 годзе, калі ў музеі адкрывалася выстава эмаляў Кузьміча, вядомага як аўтар адроджанай тэхнікі візантыйскай перагародчатай эмалі XII стагоддзя і адноўленага Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай. «Тады Кузьміч паўстаў перад намі як вялікі мастак-эмальер», — зазначыла мастацтвазнаўца. Праз чатыры гады ў музеі разам з эмалямі «дэманструецца ювелірная лірыка майстра». Шаранговіч выказала надзею, што выстава будзе першым крокам да біенале і трыенале ювелірнага мастацтва, якія сістэматычна праводзяцца ў Расіі і краінах Балтыі.

Як зазначыў пісьменнік Уладзімір Арлоў, за што б ні браўся Кузьміч, ці гэта Крыж Ефрасінні Полацкай, ці стаўратэка да яго або рака для мошчаў нябеснай заступніцы Беларусі, — любы праект у яго ўмелых руках ператвараўся ў яркую падзею. Арлоў назваў аўтара выставы першым ювелірам Беларусі і адным з найлепшых майстроў гэтай справы ва Усходняй Еўропе.

Выстава працуе да 15 студзеня 2011 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?