Прадпрыемства «Гомельаблаўтатранс» забараніла вадзіцелям дзяржаўнага і прыватнага пасажырскага транспарту, якія працуюць з аўтастанцыямі Гомельскай вобласці, прымаць перадачы ад грамадзян. Аб’явы, у якіх сказана, што забарона звязаная з патрабаваннямі Камітэта дзяржаўнай бяспекі,

з’явіліся на гомельскім аўтавакзале.

Як паведамілі БелаПАН на Гомельскім аб’яднаным аўтавакзале, з упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці паступіў ліст, у якім гаворыцца, што паводле наяўнай інфармацыі, у кіроўцаў распаўсюджана практыка перавозкі пасылак, канвертаў, што не належаць асобам, якія маюць білет на праезд і багажную квітанцыю. За гэтую паслугу вадзіцелі збіраюць пэўную плату, а характар не ўдакладняецца, што стварае ўмовы для перамяшчэння забароненых да абароту прадметаў і сродкаў.

«Халатнае стаўленне да пытанняў бяспекі перавозак на аўтамабільным транспарце можа быць выкарыстанае радыкальнымі палітызаванымі і тэрарыстычнымі структурамі, якія маюць дэструктыўныя мэты», — сказана ў лісце КДБ.

Паводле слоў супрацоўнікаў аўтавакзала,

з Камітэта дзяржбяспекі папярэдзілі, што ў пасылках могуць перадаваць улёткі або выбуховыя рэчывы. Для ўсяго персаналу аўтавакзала быў праведзены інструктаж, кожны быў азнаёмлены з новымі патрабаваннямі пад роспіс. Супрацоўнікі КДБ прасілі паведамляць пра факты, калі хтосьці з вадзіцеляў, нягледзячы на забарону, будзе прымаць перадачы.

У лісце з КДБ таксама адзначалася, што падчас рэйдавых праверак былі выяўленыя факты парушэнняў, калі вадзіцелі ўсё ж перавозілі перадачы, нягледзячы на забарону. Некаторым з такіх вадзіцеляў пагражае штраф да 17 млн. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?