Што на ёй было, што на ёй і пад ёй цяпер, што яна значыць.

Сваім з’яўленнем Кастрычніцкая плошча абавязаная савецкая ўладзе. Яшчэ да пачатку 1940-х гадоў на тым месцы стаялі будынкі. А калі зазірнуць глыбей у гісторыю, убачым гарадскі вал, Святаюраўскую царкву з аднайменнай вуліцай. На той вуліцы, дарэчы, размяшчалася рэдакцыя газеты «Северо-западная жізнь», у якой упершыню надрукаваўся Янка Лучына. На Юраўскай паэт і жыў. Да сёння ад вуліцы захаваліся два дамы — у двары паміж Палацам прафсаюзаў, Музеем ВАВ, 24-й школай і Домам ветэранаў.

Быў тут і палац Сапегаў, у якім падчас Паўночнай вайны ў XVIII ст. спыняўся гетман Мазепа. Але савецкія гісторыкі называлі будынак «домікам Пятра», бо расійскі цар Пётр І таксама ў ім кватараваў.

У канцы 1940-х узбоч будучай плошчы пачалі будаўніцтва Палаца культуры прафсаюзаў. Знішчылі касцёл Святога Тамаша Аквінскага і дамініканскі кляштар, які стаяў на месцы насупраць цяперашняга будынка аблвыканкама.

Сфармавалі ж плошчу, у духу савецкай гігантаманіі, падчас узвядзення дзесяціметровага помніка Сталіну ў 1952 годзе.

«Беларускі» Сталін меў на п’едэстале арнамент, як на сцягу БССР і на цяперашнім лукашэнкаўскім. Паміж плошчай і скверам у той самы час паставілі гранітныя ўрадавыя трыбуны.

У 1961-м Сталіна знеслі. На яго месцы пазней, за Машэравым пачалося ўзвядзенне Палаца рэспублікі. Сканчалі яго ўжо за Лукашэнкам.

Сённяшнюю назву Кастрычніцкая плошча атрымала ў 1977 годзе. А да таго яе называлі Цэнтральнай. Хоць функцыі цэнтральнай плошчы горада яна пераняла толькі ў ХХІ стагоддзі. Да 1990-х галоўнай у Мінску была плошча Незалежнасці — там стаяў статысячны натоўп рабочых, патрабуючы аддзялення ад СССР, туды, да Вярхоўнага Савету, ішлі патрабаваць імпічменту Лукашэнкі ў 1996-м.

Пасля парламент страціў вагу ў краіне, а Лукашэнка стаў надаваць функцыі найважнейшай Кастрычніцкай плошчы — бліжэйшай да Чырвонага дома. Канчаткова знакавы статус замацаваўся за ёй у 2006 годзе, калі плошча стала месцам, дзе вызначалася палітычная будучыня краіны.

Там, між Палацам Рэспублікі і праспектам Незалежнасці, паўстаў намётавы гарадок. Пяць дзён, ад 19 да 24 сакавіка, на лютым марозе, моладзь пратэставала супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Гарадок ліквідаваў уначы спецназ. Больш за 1000 чалавек было арыштавана.

З лёгкай рукі Уладзіміра Арлова плошчу тады пераназвалі ў Пляц Каліноўскага.

Але слова Плошча захавалася як імя ўласнае. Гэтае слова з таго часу пазначае не толькі назву пэўнага месца, але і пэўны сцэнар дзеянняў. Як і ўкраінскі «Майдан».

Пасля падзей сакавіка 2006-га Лукашэнка некалькі тыдняў не паказваўся на тэлебачанні, а пазней правёў на Плошчы інаўгурацыю. Дывановую дарожку, па якой ён ішоў, праклалі праз месца, дзе стаяў намётавы лагер.

Кіраўніцтва краіны ведае, што ў выпадку непрадбачанага развіцця сітуацыі шляхі адступлення таксама ляжаць праз плошчу. Дакладней, пад ёй: яшчэ ў часе будаўніцтва метро будынак ЦК КПБ (цяпер — Адміністрацыя прэзідэнта) звязалі камунікацыямі з станцыяй «Кастрычніцкая», Палацам рэспублікі, выхадамі ў розныя бакі — цэлы падземны горад з камунікацыямі.

Цяпер на Кастрычніцкай і побач з ёй, апроч Палаца рэспублікі, размяшчаюцца Музей гісторыі вайны, Палац культуры прафсаюзаў Мінаблвыканкам, фантан, у якім летам купаюцца дзеці і дэсантнікі.

З боку праспекта да плошчы прымыкае Цэнтральны сквер, у якім усталявана скульптура «Хлопчык з лебедзем». У асяродку нефармалаў гэтае месца вядомае як «Панікоўка», дзеля падабенства хлопчыка з лебедзем да героя Ільфа і Пятрова. Тут збіраліся нефармалы, асабліва да забароны піць алкаголь на вуліцах. Побач Дом афіцэраў, Купалаўскі тэатр, у якім у 1917 годзе сабраўся Усебеларускі з’езд, які заклаў першаасновы незалежнасці.

На плошчы стаіць і «нулявы кіламетр» — сімвалічны пункт пачатку беларускіх дарог.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?