Пасля імшы ў касцёле - на Плошчы. У руках - свечка з бэтлеемскім агеньчыкам.

Палова на восьмую. Людзей яшчэ няшмат.

Пытаюцца:

-- Гэта што?

-- Раство блізка.

Адпачывальнікі, як быццам нічога і не здараецца, катаюцца на коўзанцы. Ілюмінацыя атрутная, чырвона-зялёная. З рупараў гучыць шальная фальклорна-савецкая музыка.

Агеньчык гасне.

Людзей усё болей. Скандуюць: "Жыве Беларусь!" Але што кажуць на прыступках не чутно.

Становіцца зацесна. Вельмі замерзлі ногі.

Пераходжу на другі бок вуліцы -- на балюстраду; шмат людзей ля яе. Зверху можна ацаніць Плошчу: аж чорна ад натоўпу ля ходнікаў Белсаўпрофу, занятыя ходнікі й да будынка мэтро. Часткова заняты каток, але ля ёлкі шчэ катаюцца.

Мужчына побач са мной сплёўвае: "Гэты будзе кіраваць, пакуль не здохне!" На Плошчы крыху меней людзей, чым у 2006. Але ля прыступак вялізная шчыльнасць; ДАІшнікі стрымліваюць натоўп. Машыны сігналяць.

-- Холадна! Холадна! - надрываецца пад вухам музыка, якая стала шчэ гучнейшай і проста б'е па вушах.

Неяк Сіняўскі сказаў, што ў яго не палітычныя, а "эстэтычныя разыходжанні з савецкай уладай".

У мяне - эстэтычныя разыходжанні з лукашызмам. Назаўжды.

Я -- ізноў ля Палаца прафсаюзаў. Нешта чутно праз мегафон; кажуць - Някляеў збіты і ў шпіталі. Фармуецца ўрад народнага даверу. Але -- дакладна разабраць не магу.

Бачу Вячаслава Сіўчыка.

- Слава, што адбываецца?

- Глядзі, перакрылі праспект.

Людзі рухаюцца ў бок плошчы Незалежнасці.

Даўно я не хадзіў па праспекце! Якое прыемнае пачуццё!

Сустрэў Валерку Булгакава. Ён кажа, што "лібералізацыя" згортваецца й пачынаюцца таталітарныя зачысткі.

Па вуліцах плыве аграмадны натоўп. Я не бачу канца і краю; такога даўно не было. Дэманстрацыю сустракаюць падсвечаныя знізу, халодныя дамы гораду. Іррэальнае пачуццё.

Плошча Незалежнасці.

Толькі мітынгоўцы, сцягі, прэса. Няма ні міліцыі, ні машынаў. Бачу аператараў з тут.баю. Тэлефаную дадому, каб глядзелі анлайн-рэпартаж. Тэлефон, як ні дзіўна, працуе.

Гучыць звон Нагасакі, што ля Чырвонага касцёлу. Людзі падцягваюцца пад крыжы.

Выступае Віталь Рымашэўскі.

Пераходзім бліжэй да Дома ўрада.

Кандыдаты выступаюць з ленінскае трыбуны (!) У тым ліку й Калякін ад камуністаў-назіральнікаў (!) Дзядуля Ленін аслупянеў.

Белы Дом урада з чорнымі вокнамі. Унізе гарыць святло.

- Эх, каб наш сцяг быў! Каб улада памянялася да Новага года! -- кажа мужчына побач.

-- У Кіргізіі і меншая колькасць людзей скінула Бакіева, -- кажу я.

"Кандыдаты ідуць у Дом урада! На перамовы".

Цішыня й чаканне. Вэлкамаўскія тэлефоны адключаныя. Сустракаю многіх знаёмых; эх, варта ўдзельнічаць у рэвалюцыі, каб пабачыць добрыя інтэлігентныя твары.

У знаёмага сябра быў назіральнікам -- прычым афіцыйным. Кажа, што на тым участку Лукашэнка набраў 62%, Кастусёў на другім месцы -- 16%. Але, думаю, калі ўлічыць датэрміновае галасаванне, то ў "элегантнага" толькі 42%.

-- Еўропа нам здрадзіла. А пра Расію няма чаго і казаць, -- уздыхаю я.

-- Галоўнае, каб мы самі сабе не здрадзілі, -- кажа жанчына ў цёплым футры. -- Я вось з вёскі прыехала.

Дарэчы, калі шмат людзей -- то не так холадна; але, калі меней -- адразу сцюжна.

Шум ля будынку.

Усхваляваны Рымашэўскі кажа пра восем п'яных правакатараў, якія разбілі шыбы й атакавалі міліцыю.

-- Мы мірныя людзі! Мы супраціўляемся негвалтоўна!

Бачу Хадановіча. Крыкі, што міліцыя набліжаецца.

-- Няўжо гэта разгон?

-- Шчэ не ведаю - філасафічна адказвае Хадановіч.

"Міліцыя сыходзіць!"

З'яўляецца прадчуванне пераломнае кропкі. Няўжо перамаглі?

Хадановіч на трыбуне. Чытае каталонскі верш пра падзенне турэмных муроў.

Мы скандуем гэты верш.

І тут -- як жамяра -- пасыпаліся статуі ў касках.

Шум і крыкі. "Застаемся!" -- яшчэ спрабуюць крычаць кандыдаты. Людзі пабеглі.

Я стаіўся ля пераходу, на другім баку вуліцы. Праспект ужо вольны. Ходзіць транспарт.

Ля ўваходу ў метро нейкі чорны хмыр (у штацкім) камандуе: "Што стаіце, праходзім!"

Моладзь залезла на занесеныя снегам зэдлікі, што насупраць метро, задыхаецца: "Жыве, Беларусь!"

Да Плошчы Незалежнасці падагналі аўтазакі. 14 штук. Ваенныя й міліцыя дэсантуюцца. На самой плошчы - ля касцёлу й Дому ўраду - адбываецца нешта страшнае.

На тварах дзяўчынак -- сполах, але яны здымаюць убачанае на тэлефоны. Я глядзець не магу.

-- Ну, што вы маўчыце? -- крычыць юнак. -- Ён не перамог. Жыве Беларусь!

У метро тэлефоны ізноў працуюць. Раптам сутыкаюся з Хадановічам -- і вельмі ўсцешаны, бо думаў, што яго схапілі.

Але Андрэй паспеў уцячы. Нягледзячы на высокую тэмпературу, здолеў прачытаць верш.

Мне неверагодна сорамна за зімнюю сцюжу. Штучнае святло мільгаціць у падземцы.

Гэта самыя доўгія ночы. Неўзабаве мусіць развіднець.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?