У Рагачове ў ноч пасля выбараў невядомыя збілі члена ўчастковай камісіі. У міліцыю на разбор 23 снежня выклікалі мясцовых дэмакратычных актывістаў, якія працавалі назіральнікамі на ўчастку № 13.

«Мяне выклікаў следчы ў міліцыю для гутаркі і паведаміў, што ў палове трэцяй ночы пасля выбараў на вуліцы быў збіты двума невядомымі член участковай камісіі Леанід Белавусаў, — паведаміў БелаПАН актывіст Партыі БНФ Ігар Зайцаў. — Пацярпелы, паводле слоў следчага, выказаў меркаванне, што яго збілі за тое, што ён быў членам участковай камісіі. А паколькі мы былі назіральнікамі на гэтым участку, то ў міліцыю выклікалі нас: мяне і прадпрымальніка Уладзіміра Тамковіча».

Паводле слоў Зайцава, ён даў паказанні, што пасля падліку галасоў прыкладна ў 22.00 быў ужо дома і нікуды не выходзіў. «Я здзівіўся: што член камісіі рабіў на вуліцы ў палове трэцяй ночы?» — сказаў назіральнік.

Тамковіч выкліканы ў міліцыю к 10 гадзінам 24 снежня. «Следчы мяне выклікаў як сведку, ён цікавіўся па тэлефоне, дзе я быў пасля падліку галасоў, і сказаў, што выклік у міліцыю звязаны са збіваннем члена ўчастковай камісіі», — паведаміў прадпрымальнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?