Калядны зварот духоўнага лідара беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана.

«Нязменны вобраз Айца, водбліск Ягонай спрадвечнасці, прымае выгляд слугі. Прыйшоўшы ад Дзевы Маці і не зазнаўшы змены, Ён застаецца тым, кім быў — спрадвечным Богам, — і прымае тое, чым не быў, стаўшыся чалавекам дзеля любові да людзей». Гэты гімн, які Царква пяе у Дзень Нараджэння Хрыстовага добра перадае сэнс гэтага свята, менавіта што спрадвечны Бог у сваёй любові да нас, стаецца адным з нас. Ён прыходзіць да нас не ў сіле, але як маленькае дзіцятка, чакаючы ад нас дапамогі і спагады. Аднак гэта было не звычайнае дзіцятка. Прарок Ісая больш як 700 гадоў да ягонага прыйсця казаў: «Дзіця нарадзілася нам, сын быў дадзены нам, на ягоных плячох спачыла ўлада» (Іс 9:6).

Дык можа і не дзіва, што Ягонае прыйсце ўстрывожыла тых, хто меў уладу. Дзіўная рэч — улада. Як неад’емная частка кожнага грамадскага ладу, яна ёсць формаю служэння бліжняму. Сам Хрыстос сказаў, што Ён прыйшоў «не каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць жыццё за адкупленне многіх»(Мц 20:28). Тым не менш, нярэдка тыя, хто мае ўладу, паддаюцца спакусе ператварыць яе ў самамэту, як сродак самаўзвелічэння коштам іншых. Яна дзейнічае як наркотык, без якога яны не могуць жыць, і яны гатовыя на ўсякае злачынства, каб толькі ўтрымаць яе ў сваіх руках. І тады ўлада ператвараецца ў дыктатуру. Прыкладаў гэтага маем шмат у гісторыі і аж да нашых дзён.

У сувязі з трагічнымі падзеямі апошніх дзён у Беларусі шмат хто з беларусаў

сустракае свята Нараджэння Хрыстовага з трывогаю ў сэрцы. Што чакае нас у будучыні?

Няхай жа нованароджаны Хрыстос дасць супакой усім нам. Хай дасць зразуменне кіраўніком дзяржавы, што ўсякая ўлада ад Бога, і таму накладае на іх абавязак паступаць згодна з Божымі законамі, інакш яны трацяць права кіраваць іншымі. А для ўсіх нас хай будуць суцяшэннем словы Збаўцы: «Прыйдзеце да мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і я супакою вас; вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад мяне, бо Я лагодны і пакорны сэрцам — і знойдзеце супакой для душаў вашых» (Мц 11: 28–29).

а. Аляксандар Надсан
Каляды 2010 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0