Польскі суд асудзіў расійскага разведчыка на тры гады пазбаўлення волі,
піша брытанская газета The Daily Telegraph. Пражыўшы ў краіне 10 гадоў, ён не займаўся канкрэтнай разведвальнай дзейнасцю, але быў так званым «спячым агентам», чакаючы свайго часу.

Свабодна валодаючы польскай мовай і працуючы ў фірме па гандлі лазернымі прыцэламі для паляўнічай зброі, Тадэвуш, або TJ (яго сапраўднае імя засталося невядомым), быў важнай часткай шпіёнскай сеткі расійскай ваеннай разведкі, перакананыя польскія спецслужбы.

Суддзя ў прысудзе адзначыў, што Тадэвуш добра валодаў навыкамі шыфравання і падтрымліваў пастаянныя кантакты са сваімі куратарамі ў Маскве праз ультрасучасныя сістэмы сувязі, замаскіраваныя пад звычайнае электроннае абсталяванне.

З меркаванняў бяспекі паседжанні суда праходзілі ў закрытым рэжыме. Сам абвінавачваны адмаўляў сваю віну і сцвярджаў, што абсталяванне купіў на рынку.

Калі ў польскіх спецслужбаў узніклі падазрэнні ў шпіёнскай дзейнасці расійца, яны наладзілі за ім назіранне, якое працягвалася некалькі месяцаў. У лютым 2009 ён быў затрыманы польскімі контрразведчыкамі з Агенцтва ўнутранай бяспекі і з тых часоў знаходзіцца пад арыштам. Высветлілася, што ён уваходзіў у паляўнічы клуб, у ліку удзельнікаў якога — некалькі польскіх адстаўных генералаў, да якіх яму ўдалося ўвайсці ў давер.

Пра арышт стала вядома толькі ў студзені гэтага года, калі ў справаздачы Агенцтва ўнутранай бяспекі з’явілася паведамленне аб затрыманні «грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, які падазраецца ў дзейнасці на карысць расійскай ваеннай разведкі ГРУ». Там жа гаварылася, што больш за дзесяць гадоў ён «дзейнічаў на шкоду Рэспубліцы Польшча». Але хутчэй за ўсё, польскія спецслужбы асцерагаліся, што пасля 10 гадоў спячкі ён быў актываваны, таму і арыштавалі яго. Адзін з афіцэраў контрразведкі сказаў, што дзейнасць рускага «рабілася ўсё больш варожай і шкоднай.

Паводле некаторых дадзеных, падчас затрымання расіец спрабаваў супраціўляцца. Дарэчы, у Польшчы не выключаюць, што яго правал стаў прычынай адстаўкі начальніка ГРУ генерала Карабельнікава.

Польскія СМІ характарызуюць падсуднага як 

«класічнага нелегала, які не мае, верагодна, нічога агульнага з расійскім пасольствам».
Калі ў чэрвені гэтага года спатрэбілася фармальна падоўжыць арышт «пана Тадэвуша», прадстаўніца апеляцыйнага суда ў Варшаве суддзя Барбара Трэмбска абгрунтавала далейшае ўтрыманне яго пад вартай «значнай грамадскай шкодай» ягоных дзеянняў, а таксама «пагрозай вялікага пакарання і павелічэннем цяжкасці следства ў выпадку вызвалення падазраванага» .

Улады так і не патлумачылі, на якую менавіта інфармацыю паляваў непрыкметны гандляр прыцэламі для паляўнічых стрэльбаў. Эксперты кажуць, што ў апошнія гады Польшча пачала прыцягваць увагу расійскіх разведвальных службаў. Бо праз яе тэрыторыю пралягаюць стратэгічныя важныя нафта-і газаправоды, а дадзенае Варшавай у 2008 годзе згода на размяшчэнне элементаў супрацьракетнай абароны ЗША толькі ўзмацніла цікавасць Расіі да ранейшага сатэліта.

На працэсе прысутнічаў супрацоўнік расійскага пасольства, але ніякіх каментароў ад Масквы не было. Адвакат сказаў, што яго падабаронны, магчыма, апратэстуе прысуд. Абвінавачанне прасіла прызначыць пяць гадоў пазбаўлення волі. За ўдзел у разведвальнай дзейнасці супраць Польшчы тэрмін пакарання можа скласці ад аднаго да дзесяці гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?