Пра гэта вядомы спартыўны каментатар заявіў у інтэрв’ю папулярнаму парталу goals.by. Некалькі год таму ён каментаваў футбольныя матчы на беларускай мове

— Ці можна сказаць, што практыка працы на беларускай мове была няўдалай?

— Не.

— Тады чаму адмовіліся ад яе?

— Скажам так, мяне папрасілі часова перайсці на рускую. Ведаеце, кажуць, няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Рэч у тым, што мая стратэгічная задача — перавесці ўсе свае рэпартажы на беларускую мову. Сваімі сіламі я не магу гэта зрабіць. Павінна быць падтрымка зверху, створана адпаведная каманда спецыялістаў. Я б з задавальненнем каментаваў Лігу чэмпіёнаў, прэм’ер-лігу, чэмпіянат свету, Алімпіяду на беларускай мове. Прынамсі, часопіс Лігі чэмпіёнаў мы ўжо на працягу сямі гадоў робім на роднай мове. Хоць кіраўніцтва ў мэтах павышэння рэйтынгу прасіла перавесці праграму на рускую. Аднак на практыцы аўдыторыя шырэй не стала б.

— Навошта людзям патрэбныя рэпартажы на беларускай мове?

— Ды ў мяне ў галаве не ўкладваецца, як мы жывем у Беларусі і мова камусьці не патрэбная! Гэта трызненне!

Калі ўжо зусім шчыра, гэта трэба мне. Я хачу працаваць на беларускай мове. Гэта трэба велізарнай колькасці нашых заўзятараў. Моладзь глядзіць футбол. Уявіце, гадзіна трансляцыі на мове!

Гэта будзе прапаганда нашай мовы, культуры…

— Вам падабаецца, як Уладзімір Навіцкі сумяшчае ў адным рэпартажы дзве дзяржаўныя мовы?

— Уладзімір Мікалаевіч добра гаворыць па-беларуску. Мне шкада, што ён не працуе на ёй, хоць можа. Спадзяюся, дажыву да таго моманту, калі ён будзе каментаваць алімпійскі хакейны турнір на беларускай мове. Хай бы гэта было ўжо ў Сочы. Я чуў яго прыём — устаўка беларускіх слоў у рэпартаж. Магу сказаць пэўна, мяне гэта не раздражняе. Нармальна, таму што ён гэта робіць з павагай да мовы.

Цалкам тэкст інтэрв’ю з Паўлам Баранавым

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0