daylife.com

daylife.com

Цэнтрвыбаркам не задаволіў скаргу кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва аб прызнанні выбараў несапраўднымі. Такое рашэнне члены ЦВК аднагалосна прынялі 24 снежня.

Абгрунтаванне скаргі Кастусёва займае 38 старонак. Яшчэ 363 старонкі складае дадатак з скаргамі назіральнікаў, якія яны падавалі ў выбарчыя камісіі рознага ўзроўню і пракуратуру. На думку кандыдата, «шматлікія факты найгрубейшага парушэння нацыянальнага выбарчага заканадаўства і выкарыстання схаванага адміністрацыйнага рэсурсу і бюджэтных сродкаў пры правядзенні выбараў паўплывалі на іх вынікі ў цэлым па краіне».

Пры разглядзе скаргі член ЦВК Надзея Кісялёва заявіла, што выбары можна прызнаць несапраўднымі, калі памылкі і парушэнні паўплывалі на вынікі выбарчай кампаніі ў цэлым па краіны. Аднак, на яе думку, многія дакументы, прыкладзеныя да скаргі Кастусёва, да справы не адносяцца, некаторыя факты ўжо правяраліся выбарчымі камісіямі і пракуратурай, а некаторыя — немагчыма праверыць.

Кісялёва таксама заявіла, што

па Менску сур’ёзных парушэнняў няма,
акрамя выпадку, калі ў кабіну для галасавання ўвайшоў не адзін, а два чалавекі. Такая сітуацыя (адсутнасць сур’ёзных парушэнняў) назіраецца і па іншых рэгіёнах, запэўніла яна.

«Дапускаю, што дзесьці парушаўся парадак падліку галасоў, але гэтыя парушэнні насілі працэсуальны характар і не ставілі за мэту сказіць вынікі волевыяўлення выбаршчыкаў», — заявіла Кісялёва.

Кастусёў таксама прасіў ЦВК лічыць сваю скаргу пададзенай і ад тых кандыдатаў у прэзідэнты, якія пазбаўленыя магчымасці гэта зрабіць з-за арыштаў. Аўтар скаргі упэўнены, што пры наяўнасці такой магчымасці яны рэалізавалі б сваё права абскардзіць вынікі выбараў.

Аднак Кісялёва заявіла, што скарга — толькі Кастусёва, бо астатнія кандыдаты ў прэзідэнты яе не падпісалі.

Сам Кастусёў на пасяджэнне не з’явіўся, бо «не бачыць у гэтым сэнсу».

Сябра ЦВК з правам дарадчага голасу ад Кастусёва Алесь Лагвінец заявіў: «Калі б назіральнікам, сумленным членам выбарчых камісій далі магчымасць справядліва праводзіць і сачыць за выбарамі, абавязкова быў бы, прынамсі, другі тур. У выбаршчыкаў забралі права абіраць, праходзіць працэс самапрызначэння Лукашэнку прэзыдэнтам».

Лагвінец назваў членаў ЦВК саўдзельнікамі незаконных дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ адзін член ЦВК з правам дарадчага голасу ад кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Юры Хадыка падтрымаў меркаванне, што выбары нельга лічыць справядлівымі.

Сябра ЦВК з правам дарадчага голасу ад Аляксея Міхалевіча Канстанцін Лукашоў заклікаў ЦВК не спяшацца з зацвярджэннем вынікаў выбараў і прапанаваў спачатку вызваліць затрыманых кандыдатаў у прэзідэнты.

У адказ на гэта кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла: «Палітыканы незаконна заклікалі на плошчу. Як дарослыя людзі, яны павінны былі прадбачыць наступства. Тое, што адбылося, нельга прабачыць, бо стаяла пагроза жыццю людзей».

Ярмошына таксама лічыць, што іншыя кандыдаты ў прэзідэнты не далі б новых дакладных фактаў аб парушэннях падчас выбараў.

Члены ЦВК аднагалосна адмовілі ў задавальненні скаргі Кастусёва і адхілілі прапанову хадайнічаць аб вызваленні затрыманых кандыдатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?