У Беларусі 4 студзеня ўступае ў сілу новая рэдакцыя правіл дарожнага руху, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Дзяржаўтаінспекцыі.

Папраўкі былі патрэбныя, у прыватнасці, каб прывесці правілы ў адпаведнасць з шэрагам нарматыўных прававых актаў. У тым ліку гэта датычыцца магчымасці раз’езду пры ДТЗ, шкода якога не перавышае 200 еўра. У гэтым выпадку павінны быць выкананыя і некаторыя іншыя патрабаванні. Таксама ў новых правілах дарожнага руху зараз раскрыта паняцце пакідання месца дарожна-транспартнага здарэння.

Акрамя таго, зараз на мапедах (скутэрах) можна будзе перавозіць пасажыраў, калі ёсць дадатковае сядзенне, усталяванае вытворцам. У той жа час, як і на матацыкле, на заднім сядзенні мапеда нельга перавозіць дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў.

Абноўленыя ПДР вырашылі праблему з рэгістрацыяй квадрыцыкла. Новыя правілы дазваляюць рэгістраваць такі транспарт па катэгорыі В.

Новы дакумент пашырае і патрабаванні да ўдзельнікаў дарожнага руху, якія не з’яўляюцца кіроўцамі. Напрыклад, раней не зусім было зразумела, якія дзеянні павінен здзяйсняць пасажыр, які стаў ўдзельнікам ДТЗ. Зараз удакладняецца, што ён павінен аказаць першую медыцынскую дапамогу.

Немалаважнае новаўвядзенне датычыцца парушэння правіл паркоўкі. Зараз ДАІ зможа блакаваць колы грузавікоў масай больш 3,5 т, аўтобусаў, колавых трактароў і самаходных машын. Для гэтага будзе выкарыстоўвацца адмысловы тэхнічны сродак.

Новая рэдакцыя ПДР удакладняе таксама парадак разгрузкі тавараў у крамы з аўтатранспарту. Калі раней грузавікам і фургонам было дазволена пад’язджаць да гандлёвых кропак па пешаходнай зоне, калі няма іншай магчымасці, то зараз дазволены і прыпынак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?