Маці Максіма Дашука паведаміла, што з 9 студзеня яе сын утрымліваецца пад вартай у Жодзіна.

У гэты дзень дадому да Дашукоў прыйшоў следчы Зінкевіч з РУУС Савецкага раёна Мінска і паказаў пастанову ад 24 снежня 2010 года аб арышце нібыта за парушэнне парадку адбыцця пакарання.

Абставіны арышту М. Дашука будуць высветленыя найбліжэйшым часам, бо вызначаны судом тэрмін адбыцця пакарання скончыўся яшчэ ў верасні.

Нагадаем, што Максім Дашук — адзін з фігурантаў «справы 14-ці», якая была заведзена па выніках правядзення акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у студзені 2008 года.

28 мая 2008 года судом Цэнтральнага раёну Мінска па арт. 342 Крымінальнага кодэксу — «групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». М. Дашук быў асуджаны на 1,5 году абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу; на момант разгляду справы ў судзе М. Дашук быў непаўнагадовым. 23 лютага 2009 г. Максіму Дашуку было прад’яўлена абвінавачванне па арт. 415 Крымінальнага кодэксу (ухіленне ад адбыцця пакарання). 15 чэрвеня гэтага ж года суд Маскоўскага раёну сталіцы прыгаварыў яго да 1 года і трох месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.

Гэта аначае, што тэрмін абмежавання волі М. Дашука скончыўся ў верасні 2010 года.

На якіх сапраўдных падставах малады чалавек узяты пад варту зараз — бліжэйшым часам высветліць адвакат.

Маці Максіма Дашука выказвае асаблівую заклапочанасць станам здароўя сына, сцвярджаючы, што ў Максіма захворванне, несумяшчальнае са знаходжаннем пад вартай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?