Таццяна Севярынец, маці абвінавачанага ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня Паўла Севярынца, 13 студзеня перадала ў КДБ скаргу на незаконнае затрыманне.

Таццяна Севярынец была затрымана ў Мінску вечарам 12 студзеня супрацоўнікамі КДБ у той час, калі ехала на вакзал. 13 студзеня яна планавала ўзяць удзел у Варшаве ў сустрэчы ў польскім сейме, прысвечанай палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

«Допыт закончыўся пасля дзесяці гадзін. Я адмовілася даваць паказанні ў дачыненні да Паўла, расказвала ў асноўным пра сябе. Пасля допыту я яшчэ спадзявалася нейкім чынам дабрацца да Варшавы, аднак мне не вярнулі пашпарт», — сказала яна.

Пры гэтым Севярынец абвергла інфармацыю, што з’явілася раней, аб тым, што супрацоўнікі КДБ абяцалі адвезці яе на сустрэчу з сынам.

Пашпарт з КДБ Таццяна Севярынец змагла забраць толькі сёння раніцай пасля перадачы скаргі на імя старшыні КДБ Вадзіма Зайцава. У ёй маці палітыка падкрэслівае, што ёй быў нанесены не толькі маральны, але і матэрыяльны ўрон, бо яна не змагла своечасова здаць білет на цягнік.

Павел Севярынец з’яўляўся кіраўніком перадвыбарнага штаба кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. Севярынец быў затрыманы 20 снежня і з таго часу знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Ён у ліку абвінавачваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?