Былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Іван Кулікоў затрыманы па падазрэнні ва ўчыненні злачынства па артыкуле 210 Крымінальнага кодэкса «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі»,
паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Цяпер у дачыненні да затрыманага праводзіцца праверка. Абвінавачанне яму пакуль не прад’яўлялася.
Нагадаем, Іван Кулікоў быў затрыманы 17 студзеня на 72 гадзіны пасля допыту ва УУС Заводскага раёна Мінска.
Кулікоў жыве ў пасёлку Сосны, з’яўляецца загадчыкам лабараторыі абсталявання ядзерных энергетычных установак Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны». Удавец, мае двух сыноў і дачку.
Іван Кулікоў вылучаўся прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта на выбарах 2010 года, аднак у канцы кастрычніка адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі, не сабраўшы неабходнай колькасці подпісаў выбаршчыкаў.