Наваполацкія нафтаперапрацоўшчыкі блізкія да зніжэння загрузкі да крытычнага ўзроўню.
Крыніца, якая пажадала застацца неназванай, паведаміла, што 24 студзеня вытворчасць АВТ-6 ААТ «Нафтан» (устаноўка па першаснай апрацоўцы нафты) працуе на мінімуме магутнасці. На заводзе кажуць, што ўсё вырашыць заўтрашні дзень.

Як вядома, рашэння пытання па аднаўленні паставак сыравіны на беларускія НПЗ чакалі ад візіту Міхаіла Мясніковіча ў Маскву. Аднак выніку, як бачым, пакуль няма.

— Запасы венесуэльскай нафты заканчваюцца, дый якасць яе не найлепшая,
 — расказаў «Салідарнасці» адзін з працаўнікоў прадпрыемства. — На вытворчасць нітрону яшчэ да выходных прыйшлі распараджэнні, як дзейнічаць у сітуацыі зніжэння магутнасцяў на 30, 60 і 90%. Цяпер на заводзе кажуць, што ўсё вырашыць заўтрашні дзень. Стане вядома, ці паступіць сыравіна.
А калі ў справу ўмяшаюцца маразы, то сітуацыя можа стаць крытычнай для некаторых установак, якія пры нізкіх тэмпературах патрабуюць павышанай загрузкі.

Паводле інфармацыі «Радыё Свабода», прадпрыемства можа расцягнуць рэшткі сыравіны да 30 студзеня, потым вытворчасць можа спыніцца. Цяпер, як паведамляе газета «Беларусы і рынак», аб’ём перапрацоўкі знізіўся да 12 тыс. тон замест 28–30 тыс. падчас поўнай загрузкі.

На сайтах ААТ «Нафтан» і газеты «Веснік Нафтана» ніякай інфармацыі пра зніжэнне нагрузкі няма.

У прыёмнай ААТ «Нафтан» адмовіліся злучаць з генеральным дырэктарам і галоўным інжынерам, параіўшы звярнуцца да намесніка па ідэалогіі, датэлефанавацца да якога таксама не ўдалося.

Нагадаем, што ў 2008 годзе ААТ «Нафтан» было рэарганізаванае шляхам далучэння ААТ «Палімір», так што цяпер праблемы з сыравінай у абодвух прадпрыемстваў.

Між тым, дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА паведамляе, што «Нафтан» пашырыў асартымент алівы для двухтактных бензінавых рухавікоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?