Рашэнне пракуратуры Мінскай вобласці аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці журналіста Алега Бябеніна ніхто не абскардзіў. Пра гэта паведаміў першы намеснік пракурора вобласці Мікалай Пілінкевіч.

Паводле яго слоў, усе, хто меў права абскарджання, напрыклад, блізкія сваякі, пагадзіліся з высновамі следства. «А выснова адна: Бябенін — гэта самагубства», — сказаў Мікалай Пілінкевіч.

У пачатку студзеня пракуратура Мінскай вобласці паўторна адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гібелі журналіста, правёўшы дадатковую праверку, накіраваную на ўсталяванне матываў самагубства. Устанавіць іх не ўдалося.

Нагадаем, 3 снежня 2010 рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гібелі Алега Бябеніна было прынятае, паколькі скончыўся трохмесячны тэрмін правядзення праверкі, і падстаў для ўзбуджэння справы не мелася — пракуратура ўстанавіла, што журналіст скончыў жыццё самагубствам. Затым назіральны пракурор у пракуратуры Мінскай вобласці адмяніў прынятае рашэнне і адправіў матэрыялы на дадатковую праверку.

Цела Алега Бябеніна, заснавальніка і кіраўніка папулярнага сайта charter97.org, было знойдзена ў пятлі 3 верасня на яго лецішчы ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці.

Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 годзе. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 1990-я гадах працаваў намеснікам галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты «Імя». Заснаваў у 1998 годзе сайт charter97.org і быў яго кіраўніком. У яго засталіся жонка і двое сыноў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?