У 2011 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйдуць першыя пяць кніг новай 50-томнай серыі «Залатая калекцыя беларускай літаратуры»,

паведаміў БелаПАН галоўны рэдактар выдавецтва Віктар Шніп.

Паводле яго слоў, серыя выдаецца па рашэнні Адміністрацыі прэзідэнта і ўрада для пашырэння сферы ўжывання беларускай мовы. Сярод заснавальнікаў серыі — міністэрствы культуры і адукацыі, Нацыянальная бібліятэка, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук і Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Выхад серыі разлічаны на 10 гадоў. «Калі выдавецтву даручылі гэтую працу, мы маглі ні да каго не звяртацца, скласці план выпуску кніг і, як нам некаторыя прапаноўвалі, пачаць выпуск серыі з выданняў сучасных папулярных пісьменнікаў. Аднак мы звярнуліся па параду да вучоных па падрыхтоўцы гэтай анталогіі, якая павінна стаць своеасаблівай візітоўкай айчыннай літаратуры», — сказаў рэдактар выдавецтва.

Паводле яго слоў, літаратуразнаўцы склалі план усіх тамоў серыі, ухвалены яе заснавальнікамі і рэдакцыйным саветам «Мастацкай літаратуры».

У першыя тамы, прысвечаныя беларускай літаратуры XI ― пачатку XX стагоддзя, увойдуць, у прыватнасці, творы такіх пісьменнікаў, як Францішак Карпінскі, Юліян Урсул-Нямцэвіч, Ігнат Ходзька, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Аляксандр Рыпінскі, Габрыеля Пузыня, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Адам Плуг, Вінцэсь Каратынскі, Францішак Багушэвіч, Янка Лучына і Адам Гурыновіч.

У пяты том прадугледжваецца ўключыць творы Максіма Багдановіча, 120-я ўгодкі з дня нараджэння якога будуць адзначацца 9 снежня, а таксама Сяргея Палуяна, Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Лявона Гмырака і Алеся Гаруна.

Рэдактар выдавецтва падкрэсліў, што ў серыю ўвойдуць творы «ўсіх вядомых беларускіх пісьменнікаў, уключаючы сучасных».

Творчасць класікаў, такіх як Уладзімір Караткевіч і Васіль Быкаў,
будзе прадстаўлена асобнымі тамамі, сказаў Шніп. Паводле яго слоў, у выданні аб’ёмам ад 500 да 600 старонак прадугледжваецца змясціць блок фотаілюстрацый. Мінімальны наклад кожнага тома серыі — дзве тысячы асобнікаў. Першы том павінен выйсці ў красавіку-маі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?