У сучасным грамадстве за бібліятэкамі захаваецца асноўная місія — інфармацыйнага банка.

Такую думку на пасяджэнні круглага стала 10 лютага ў межах XVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу выказаў намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі.

Паводле яго слоў, гэтым інфармацыйным банкам будуць карыстацца ўсе, у тым ліку прыхільнікі новых інфармацыйных тэхналогій. "Мы не ведаем час жыцця сучасных тэхналогій, але мы ведаем век друкаванага слова і папяровых носьбітаў, — сказаў намеснік міністра. — Галоўным носьбітам інфармацыі і асновай для астатніх будзе кніга".

Як паведаміў Стружэцкі,

у Беларусі працуюць 9,3 тыс. бібліятэк, на кожную прыпадае прыблізна 1,1 тыс. жыхароў,

што адпавядае сусветным стандартам. Выхад у інтэрнэт маюць 24% бібліятэк [у ЗША кожная бібліятэка мае доступ у Інтэрнэт -- НН]. Бібліятэчны фонд складае прыкладна 200 млн. асобнікаў і пастаянна павялічваецца.

Разам з тым, амаль 30% фонду не запатрабавана.
"Але мы не гаворым пра неабходнасць выключэння кніг з фонду, а пра яго напаўненне і абнаўленне", — сказаў намеснік міністра.

Ён зазначыў, што ў бібліятэк не хапае сродкаў на набыццё ўсёй літаратуры, выпушчанай выдаўцамі. "Але гэта і не з'яўляецца мэтай бібліятэкі, бо ёсць і іншыя спосабы данесці кнігу да чытача", — заявіў Стружэцкі. Паводле слоў чыноўніка, летась практычна ўсе бібліятэкі выканалі нарматыў па закупцы сацыяльна важнай літаратуры, выданай пры падтрымцы дзяржавы.

Як паведаміла намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, летась бібліятэкі закупілі 11 тыс. найменняў кніг, выпушчаных у краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?