За мінулы год у раёне памерла жыхароў у 3,5 разу больш, чым нарадзілася. Кожны другі шлюб распаўся.

У 2010 годзе ў Карэліцкім раёне памерла 629 чалавек (на 42 больш, чым у 2009 г.), нарадзілася 185 (177 — летась), то бок нараджальнасць пакрыла смяротнасць толькі на 29%, паведаміла раённая газета «Полымя».

Колькасць памерлых уражвае. Фактычна, гэта траціна насельніцтва гарадскога пасёлка Мір, альбо адна дзясятая насельніцтва райцэнтра. Усяго ў Карэліцкім раёне налічваецца каля 24 тысяч жыхароў.

Ад чаго найчасцей паміралі жыхары Карэліччыны ў 2011? Старасць як прычына забрала 73 жыцці, анкалогія — 50 жыццяў, 20 чалавек трагічна загінулі, самагубствы і алкаголь прывялі да смерці 9 і 11 чалавек адпаведна.

Нараджальнасць хоць і расце, але выклікае шэраг пытанняў. 31% немаўлят з’явіліся на свет у няпоўных сем’ях. 24 дзіцяці нарадзіліся па-за шлюбам.

Не радуе і статыстыка трываласці шлюбаў: летась на 156 зарэгістраваных шлюбаў прыйшлося 72 разводы.

А вось як выглядае найноўшая статыстычная інфармацыя па краіне. Паводле звестак Белстата, па стане на 1 лютага насельніцтва краіны складае 9 млн 478 тыс. чалавек. За першы месяц 2011 года ў Беларусі нарадзілася 8 386 чалавек, 11 750 — памерла. Такім чынам, колькасць насельніцтва за гэты час скарацілася на 3389 чалавек. На тысячу зарэгістраваных у студзені шлюбаў прыйшлося 673 разводы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?