Міністэрства інфармацыі Беларусі будзе абскарджваць рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду па пазовах ЗАТ «Аўтарадыё» да Мінынфарму, заявіў агенцтву«Інтэрфакс-Захад» міністар інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі.
«Я вельмі зьдзіўлены вынікамі гэтага разбору. Прынятыя судзьдзём Валерыем Шобікам рашэньні не лічу справядлівымі», — сказаў міністар.
Праляскоўскі падкрэсьліў, што «Мінынфарм зробіць усё магчымае, каб аднавіць справядлівасьць». У прыватнасьці, у найбліжэйшы час мяркуецца падаць касацыйную скаргу ў Касацыйную калегію Вышэйшага гаспадарчага суду, удакладніў міністар.
Учора Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў несапраўднымі рашэньне камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні Беларусі ануляваць права ЗАТ «Аўтарадыё» на наземнае эфірнае перадаваньне, а таксама вынесенае «Аўтарадыё» папярэджаньне Міністэрства інфармацыі.
Міністэрства абвінаваціла радыёстанцыю ў «невыкананьні творчай канцэпцыі і публічных закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Абвінавачаньне было зьвязанае з разьмяшчэньнем у эфіры радыё агітацыйных матэрыялаў альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі, у адным зь якіх зьмяшчалася фраза «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».