У Дзень Волі 25 сакавіка, а 13 гадзіне, баранавіцкія партыйныя і грамадскія актывісты ўсклалі кветкі да Крыжа ахвярам палітычных рэпрэсій у скверы ля вуліц Пірагова і Смаленскай.
Фота Людмілы Пракопавай.
«Дзень 25 сакавіка паклаў пачатак нашай дзяржаўнасці. Калі б не было БНР, дык не было б і БССР, а таксама сёняшняй Рэспублікі Беларусь. Таму я лічу, што гэты дзень з’яўляецца найгалоўнейшым святам у гісторыі нашай краіны. Раней для ўрачыстага адзначэння гэтай даты мы здымалі залу ў Доме афіцэраў ці ДКТ. На жаль сёння мы вымушаны абмяжовацца толькі ўскладаннем кветак», — распавёў старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ імя Ф.Скарыны Віктар Сырыца.
Вячаслаў Болбат нагадаў прысутным, што ўпершыню ў найноўшай гісторыі Баранавіч угодкі БНР адзначаліся ў 1993 годзе. Тады імпрэза адбывалася ў вялікай зале гарвыканкама. Выступалі баранавіцкія артысты, хор настаўнікаў. На святкаванні прысутнічалі дэпутаты Вярхоўнага Савета Алег Трусаў і Анатоль Сідарэвіч.
Пасля актывісты накіраваліся на гарадскія могілкі ў Русіно, каб ускласці кветкі да магілаў тых, хто змагаўся за незалежнасць Беларусі – Пятра Рашэтніка, Івана і Тафіліі Дудкаў, Усевалада Караля, Алеся Пікулы, Сяргея Андрушчанкі і Аркадзя Блінкоўскага, які нарадзіўся якраз 25 сакавіка.