Супрацоўнікамі падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС і Савецкага РУУС Мінска завершана асноўная стадыя праверачных мерапрыемстваў у межах распачатай справы на падставе ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства) у дачыненні да 31-гадовага ўраджэнца Брэста.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС, брэстаўчанін, які на працягу апошніх гадоў працаваў у Мінску, падазраецца ў тым, што з красавіка 2008 года па люты 2009 года шляхам прадастаўлення непраўдзівых звестак выкраў грашовыя сродкі банкаў на агульную суму 11.300 долараў і 10.000 еўра.

У спіс ахвяр затрыманага махляра ўвайшлі чатыры банкаўскія ўстановы, дзе на яго імя былі аформлены пяць крэдытаў. Грошы выдаваліся на так званыя спажывецкія патрэбы, аднак, паводле інфармацыі аператыўнікаў, большая іх частка была зрасходавана на наведванне ігральных і забаўляльных устаноў.

У якасці паручыцеляў махляра выступалі ў тым ліку яго калегі па працы. Калі на іх адрас з банкаў пачалі паступаць патрабаванні аб пагашэнні крэдытаў, адзін з паручыцеляў звярнуўся з заявай у міліцыю.

1 красавіка гэтага года ў ходзе расследавання, якое праводзіць следчы аддзел Савецкага РУУС, падазронаму прад’яўлена абвінавачанне. Ён знаходзіцца пад вартай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?