Судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда вынесла апраўдальны прыгавор у дачыненні да лекара-псіхіятра Яўгена Дзедушкіна, які быў асуджаны за падпалы.

9 лютага 2009 года суд Навабеліцкага раёна Гомеля прыгаварыў 30-гадовага мужчыну, былога лекара-псіхіятра абласной клінічнай бальніцы, які абвінавачваўся ва ўчыненні падпалаў (арт. 218 КК), да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

На следстве і судзе абвінавачаны сваю віну не прызнаў.

Гэта гісторыя, якая атрымала шырокі грамадскі рэзананс, пачалася летам 2008 года. Дзедушкін, які ў той час працаваў лекарам-псіхіятрам, двойчы затрымліваўся супрацоўнікамі міліцыі паводле падазрэння ў падпалах старых будынкаў. Аператыўнікі сцвярджаюць, што пры спробе даставіць доктара ў аддзяленне ён у міліцэйскім аўтамабілі

запаліў сумку з матэрыі, у якой ляжалі бронекамізэлькі.

Паводле слоў абвінавачанага, ён выпадкова апынуўся на месцы пажару — убачыў зарава і вырашыў паглядзець, што адбываецца. Пасля публікацый у мясцовай прэсе аб затрыманні «псіхіятра-пірамана» лекара звольнілі з працы.

Дзедушкін не быў згодны з прысудам і абскардзіў яго ў абласным і Вярхоўным судах. Крымінальная справа некалькі разоў пераглядалася, пакаранне змякчалася — да абмежавання волі. У СІЗА абвінавачаны правёў больш за год.

24 сакавіка абласны суд прызнаў Дзедушкіна невінаватым ва ўчыненні падпалаў і апраўдаў «з-за недаказанасці яго ўдзелу ва ўчыненні гэтых злачынстваў». «Праверыўшы і даследаваўшы доказы па справе, суд прыйшоў да пераканання,

што выстаўленае Дзедушкіну абвінавачанне матэрыяламі справы не даказана»,
 — гаворыцца ў прыгаворы. Пакуль прысуд не набыў законную моц, і пракуратура можа яго апратэставаць.
«Я быў вінаваты толькі ў тым, што апынуўся не ў патрэбным месцы не ў патрэбны час.

Толькі праз месяц пасля пачатку следства з’явіўся нейкі сведка, які нібыта бачыў, як я ўчыняў падпалы. У прынцыпе, да гэтага часу, да апраўдальнага прысуду, я мог бы ўжо адсядзець і выйсці на волю ўмоўна-датэрмінова. Але ўсё ж я дамогся справядлівасці», — адзначыў Дзедушкін у інтэрв’ю БелаПАН.

Ён пакуль не ведае, ці будзе спрабаваць спагнаць матэрыяльны або маральны ўрон з праваахоўных органаў за час, праведзены пад следствам і ў СІЗА. «Добра, што мне дапамагалі — маці, адвакат, сябры. Цяжка ўявіць, колькі намаганняў, часу і грошай пайшло на ўсе гэтыя цяжбы.

А што рабіць людзям, якія трапілі ў падобную сітуацыю і ў якіх няма ні сваякоў, ні грошай, ні элементарнай прававой дасведчанасці?» — сказаў былы зняволены.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?