Найбуйнейшы аператар сотавай сувязі Расіі — ААТ «Мабільныя ТэлеСістэмы» («МТС») — гатовы выкупіць «па разумнай цане» 51% сумеснага расійска-беларускага ТАА «МТС». Пра гэта заявіў 5 красавіка журналістам у Маскве віцэ-прэзідэнт, дырэктар бізнес-адзінкі «МТС Замежныя кампаніі» Алег Распопаў.

Цяпер расійскаму аператару належыць 49% СП, 51% належыць рэспубліканскаму ўнітарнаму прадпрыемству электрасувязі (РУП) «Белтэлекам».

«Мы зацікаўлены ў набыцці СТАА „МТС“ і вядзем адпаведныя перамовы», — цытуе Распопава РІА Новости.

«Мы гатовы набыць гэты пакет, але па разумнай цане», — дадаў ён.

Пры гэтым прадстаўнік «МТС» адзначыў, што беларускім партнёрам «вядомы прапановы «МТС», аднак абнародаваць іх ён адмовіўся, спаслаўшыся на камерцыйную тайну.

У сакавіку Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Беларусь гатова ўступіць расійскаму аператару 51% у СП за 1 млрд. долараў. У адваротным выпадку, паводле яго слоў, пакет будзе выстаўлены на аўкцыён.

«МТС» — найбуйнейшы аператар сотавай сувязі ў РФ. Паводле даных на канец лютага 2011 года яго абаненцкая база складала 71,863 мільёна карыстальнікаў. Кансалідаваная абаненцкая база «МТС» з улікам даччыных кампаній у Арменіі, Беларусі, Узбекістане, Украіне і Туркменіі ў канцы лютага склала 108,858 мільёна карыстальнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?