Італьянскі спявак Тота Кутуньё 6 красавіка дасць у Мінску адзіны канцэрт.

Як паведаміў спявак на прэс-канферэнцыі 5 красавіка, у другой частцы канцэрта ён выступіць у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, дырыжыраваць якім будзе італьянскі дырыжор.

5 красавіка ў Палацы Рэспублікі прайшла рэпетыцыя выступлення. Тота Кутуньё застаўся задаволены акустыкай залы, адзначыў добрую падрыхтоўку музыкантаў аркестра, у тым ліку маладых. Падчас канцэрта спявак выканае вядомы беларускі хіт «А я лягу, прылягу», які ён упершыню прэзентаваў у 2010 годзе на фестывалі «Славянскі базар у Віцебску». Паводле слоў выканаўца,

для італьянцаў цяжкаватае беларускае вымаўленне, тады як беларусы досыць хутка вывучаюць італьянскую мову.

Спявак адзначыў, што прыязджае ў краіны былога СССР з 1986 года. «Расія вельмі змянілася, стала больш заходняй, амерыканізаванай, — сказаў ён. — І калі суседнія краіны мяняюцца, то Беларусь засталася са сваёй палітыкай». Паводле слоў выканаўцы, у Мінску засталася рамантычнасць, якой няма ў Маскве. «У дзяўчат у вачах ёсць нешта, што прыцягвае, як быццам яны пра штосьці мараць, бачаць сны», — сказаў ён пра беларусак. Тота Кутуньё параіў ім марыць і далей, бо «рана ці позна мары становяцца рэальнасцю».

Паводле слоў музыканта, за сваё жыццё ён напісаў больш за 300 песень, каля 50 з іх яшчэ не выйшлі ў свет. «Многія песні — гэта гісторыі майго жыцця, многія — гэта гісторыі, якія я хацеў бы пражыць», — сказаў выканаўца. Тота Кутунья іграе на гітары, бас-гітары, піяніна, саксафоне, губным гармоніку, але любімым інструментам лічыць піяніна. Падчас гастроляў музыкант звычайна знаходзіць неабходныя інструменты на месцы. Так, падчас канцэрта ў Мінску ў 2007 годзе ён пазычыў гітару ў Віталя Артыста — лідара беларускага гурту «Без білета».

Як расказаў Тота Кутуньё, нядаўна ён напісаў кнігу рамансаў пра каханне, якая атрымала назву «На крылах надзеі», але пакуль не аддаў яе ў выдавецтва. Ён таксама паведаміў, што займаецца праектамі па прасоўванні маладых музыкантаў — бярэ ўдзел у арганізацыі розных конкурсаў і фестываляў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?