Сёння ўначы «Таронта Мэйпл Ліўз», за які выступае беларускі форвард Міхаіл Грабоўскі, страціў нават тэарэтычныя шанцы прабіцца ў Кубак Стэнлі.

«Кляновыя лісты» прайгралі па булітах 2:3 «Вашынгтону», і цяпер восьмае месца, якое б гарантавала выхад у плей-оф, ім недасяжнае нават у тэорыі.

Міхаіл Грабоўскі — ён сёння не рэалізаваў буліт — чацверты сезон запар застаўся без магчымасці пагуляць у Кубку Стэнлі.

Зрэшты, гэта азначае, што ён можа дапамагчы зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі, што пачнецца пры канцы красавіка ў Славакіі.

Тым не менш без Кубка Стэнлі беларусы не застануцца. Сёння ўначы гарантаваў сабе месца ў плей-оф «Манрэаль» Андрэя Касціцына. «Канадыенс» у овертайме перамаглі «Чыкага» 2:1. Беларус вызначыўся двума асістэнцкімі баламі.

«Нэшвіл», за які выступае яго малодшы брат Сяргей, выйграў у «Атланты» 6:3 і фактычна гарантаваў сабе пуцёўку ў плей-оф. Касціцын-малодшы закінуў дзве шайбы, зрабіў адну галявую перадачу і быў прызнаны другой зоркай матча. Яшчэ раней заваяваў пуцёўку ў плей-оф «Дэтройт» Руслана Салея.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?