5 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстава «Старонкі гісторыі» вядомага мастака-плакатыста Уладзіміра Крукоўскага.

На ёй прадстаўлены працы мастака розных гадоў, у тым ліку тыя, што знаходзяцца ў фондах музея.

У цэнтры ўвагі Крукоўскага — Беларусь, яе гісторыя і культура, яе сённяшні дзень і заўтрашні лёс. Але тэматычны і жанравы дыяпазон мастака значна шырэйшы: плакаты антываенныя і антыалкагольныя, культура і спорт, экалогія, тэхніка бяспекі, афішы, плакаты агітацыйныя і прапагандысцкія. Творы Уладзіміра Крукоўскага ўяўляюць своеасаблівы візуальны летапіс часу.

«Пачаўшы працаваць у жанры плаката, — расказаў мастак, — я заўсёды імкнуўся адбіраць для сябе такія тэмы, якія, па майму прадчуванню і па агульнай грамадскай сітуацыі, з’яўляюцца калі не вечнымі, дык вельмі працяглымі. Напрыклад, такая вострая тэма, як становішча з беларускай мовай. Сітуацыя з ёй, на жаль, не палепшылася, хаця плакаты, якія ёсць на гэтай выставе, створаныя 20 гадоў таму».

На думку старшыні секцыі графічнага дызайну Беларускага саюза мастакоў Уладзіміра Бусько, сённяшні беларускі плакат — такі ж востры, як і 10, 15, 20 год таму. «Сучасныя мастакі працягваюць традыцыі нашых класікаў, — адзначае ён, — Крукоўскага, Жука, Чуркіна, Ігнаценкі і іншых, хто пакінуў свой след. І я думаю, што маладое пакаленне мастакоў будзе таксама востра адгукацца і на сацыяльныя, і на палітычныя, і на культурныя тэмы».

Выстава будзе працаваць на працягу месяца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?