Пасол Беларусі ў Маскве Васіль Даўгалёў быў выкліканы ў МЗС Расеі, дзе яму была ўручаная нота наконт недапушчальнасці выкарыстання памяшкання дыпламатычнага прадстаўніцтва для гульнявога бізнэсу.

«Паводле інфармацыі, якую мае міністэрства, на тэрыторыі пасольства пэўны час незаконна функцыянавала гульнявая ўстанова, расейскі бок лічыць неабходным звярнуць увагу беларускага боку на недапушчальнасць такога кшталту дзейнасці, якая супярэчыць палажэнням Венскай канвенцыі», — цытуюць дакумент «Известия».

Аналягічная нота была ўручаная пасольству КНДР.

Сёння прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных чарговы раз абверг абвінавачанні на адрас беларускага пасольства: «Ніякага казіно ў беларускім пасольстве ў Маскве няма і быць не можа».

Гаворачы аб расейскай ноце пратэсту, Андрэй Савіных адзначыў, што нота МЗС Расіі змяшчае заклапочанасць, звязаную з гісторыяй, якую раздзімаюць асобныя расейскія СМІ. «Мы цалкам адкрытыя для ўзаемадзеяння з нашымі калегамі і гатовыя на любыя меры, якія будуць спрыяць ліквідацыі гэтых злосных чутак», — сказаў ён.

14 красавіка ў газеце «Известия» быў апублікаваны першы артыкул, прысвечаны казіно, якое, паводле звестак газеты, дзейнічала ў беларускім пасольстве ў Маскве.

Пасля гэта пасол Даўгалёў запрасіў журналістаў у пасольства, каб прадэманстраваць, што казіно там няма. Аднак паводле сённяшняй публікацыі ў «Известиях», журналістам было паказана не тое памяшканне, дзе размешчаная гульнявая зона. «Аднак журналіст не стаў абвінавачваць пасла ў няшчырасці ў прысутнасці прадстаўнікоў СМІ», — гаворыцца ў матэрыяле.

На сённяшнім брыфінгу А.Савіных заявіў: «Журналістаў правялі ў памяшканне, на якое сама газета ўказала як гульнявую зону. Акрамя таго, прадстаўнікам СМІ была дадзеная магчымасць зайсьці і ў іншыя памяшканні на іх выбар. Такім чынам, прэтэнзіі журналіста на далікатнасць, пра якую ён піша ў артыкуле, на справе абарочваюцца хітрасцю і нежаданнем прызнаваць відавочнае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?