Чарговы дыпляматычны скандал паміж Польшчай і Беларусьсю разгарэўся ўчора з прычыны затрыманьня беларускімі памежнікамі на пераходзе Брузгі падляскага ваяводы Яна Дабжынскага, які вяртаўся з Гародні ў Беласток на аўтамабілі генэральнага консула Анджэя Крэнтоўскага.
Дабжынскі наведаў Гародню па запрашэньні генэральнага консула Польшчы ў Гародні і спаткаўся зь мясцовымі палякамі на перадкаляднай вечарыне. Прыкрым здарэньнем для падляскага ваяводы сталася ягонае затрыманьне на беларуска-польскай мяжы.
Беларускія памежнікі, спасылаючыся на невядомую пастанову Савету Міністраў Беларусі, пратрымалі Дабжынскага тры з паловай гадзіны, нягледзячы на наяўнасьць у яго дыпляматычнага пашпарту. Аднак каля 22-й гадзіны Дабжынскі пераехаў мяжу.
На думку актывістаў непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі (СПБ), затрыманьне ваяводы Дабжынскага – гэта дробная помста рэжыму за падтрымку актывістаў СПБ на чале з Анжалікай Борыс.