Суд над затрыманымі 6 ліпеня ў Віцебску ўдзельнікамі маўклівай акцыі пратэсту атрымае працяг 8 ліпеня,

паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

Паводле яго слоў, супрацоўнікі міліцыі ў сераду затрымалі і павезлі аўтобусамі ў мясцовыя АУС 13 чалавек, якія 7 ліпеня паўсталі перад судом Кастрычніцкага раёна. Яшчэ двух удзельнікаў акцыі выклікалі ў суд позвай. Справу разглядала суддзя Іна Грабоўская.

Затрыманых судзілі разам.
Падчас разгляду было прагледжана аператыўнае відэа, знятае на акцыі, пасля чаго суддзя заявіла, што ёй неабходна дапытаць супрацоўнікаў міліцыі, якія праводзілі затрыманні, і перанесла слуханне на раніцу 8 ліпеня. Усе затрыманыя ўдзельнікі акцыі адпушчаны дамоў.

Паводле слоў Севярынца, у акцыі пратэсту 6 ліпеня ўдзельнічала прыблізна 130 чалавек. Яны сабраліся на плошчы Перамогі, пасля пайшлі па вуліцы Леніна ў бок плошчы Свабоды. «Хапалі галоўным чынам пасля шэсця, кагосьці ў падваротнях, дварах, вузкіх вулачках, увогуле як толькі людзі адыходзілі ад цэнтральных вуліц», — адзначыў сустаршыня аргкамітэта. Ён выказаў меркаванне, што ўдзельнікаў акцыі затрымлівалі пасля яе завяршэння для таго, каб «не псаваць імідж культурнай сталіцы і „Славянскага базару“, які мае адбыцца».

«У Віцебску заўтра фестываль пачынаецца, шмат гасцей, быццам бы прыязджае Лукашэнка, таму яны не жадаюць скандалаў,
вымушаны паводзіць сябе больш мякка, чым у сярэднім па краіне», — лічыць Севярынец.

Акцыі пратэсту, ініцыяваныя інтэрнэт-групай «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», прайшлі ў сталіцы і абласных цэнтрах, а таксама ў Мар’інай Горцы, Наваполацку, Маладзечне, Дзяржынску, Глыбокім, Барысаве, Бабруйску.

Паводле звестак праваабаронцаў, 6 ліпеня падчас акцый было затрымана больш за 400 чалавек, з іх больш як 190 — у Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?