Дырэктару Нацыянальнага мастацкага музея

Рэспублікі Беларусь

Пракапцову У.І.

Прадстаўніцтву Польскага інстытута ў

Рэспубліцы Беларусь.

Старшыні Беларускага таварыства

аховы помнікаў гісторыі і культуры

Астаповічу А. У. Старшыні Карэліцкага райвыканкама

Шайбаку В.Л.

Адкрыты ліст

4 чэрвеня 2011 г. у г.п. Мір праходзіла канферэнцыя, арганізаваная Нацыянальным мастацкім музеем РБ, прысвечаная вынікам рэстаўрацыі Мірскага замка і развіццю рэстаўрацыйнай справы ў Беларусі. Многія вядомыя навукоўцы, знакавыя адмыслоўцы рэстаўрацыйнай і музейнай справы казалі шмат гучных і вельмі прыгожых словаў, у тым ліку і пра будучыню самога мястэчка, пра захаванне гісторыка-архітэктурнай спадчыны Міра, нават пра магчымае ператварэнне яго ў сапраўдны «горад-музей» з адпаведным афіцыйным статусам. Для дасягнення такіх высокіх мэтаў патрэбная найперш распрацоўка фундаментальнага плана кансервацыі і аднаўлення нешматлікіх ацалелых фрагментаў гістарычнай забудовы, якія змогуць стаць ключавымі звязкамі гісторыка-культурнага ландшафту Міра.

Агульны від на браму і дом №51 на скрыжаванні вул. Кірава і Танкістаў. Ліпень 2010 г.

Агульны від на браму і дом №51 на скрыжаванні вул. Кірава і Танкістаў. Ліпень 2010 г.

Аднак, на вялікі жаль, відаць, усе гэтыя цалкам слушныя словы моцна кантрастуюць з сумнай будзённай рэчаіснасцю, бо не прайшло і некалькі тыдняў (!) пасля гэтай канферэнцыі, як Мір назаўсёды страціў адзін з вельмі знакавых і ўнікальных аб’ектаў сваёй гістарычнай забудовы. Гаворка пра знішчаную браму дома № 51 на рагу скрыжавання вуліц Кірава (былая Высокая) і Танкістаў (Завальная), пабудаваных у міжваенны час.

Брама ўяўляла сабой досыць простую, але надзвычай прывабную аркавую бетонную канструкцыю, на якой буйнымі лічбамі і літарамі была змешчаная дата яе пабудовы «1937 R[ok]». Браму працягвала агароджа з падобных пластычных бетонных слупоў. Агароджа прымыкала да дома № 51, пабудаванага ў 1920–1930-я гг. У той час палова дома належала вядомай мясцовай заможнай праваслаўнай сям’і Заслаўскіх (якія таксама ўвекавечылі сваю памяць у Міры яшчэ адным цудоўным помнікам — маленькай мураванай белай каплічкай 1909 г. каля замка), а другую палову займаў мірскі паліцэйскі пастарунак.

Трэба адзначыць, што гэта адзін з апошніх, лічаных помнікаў надзвычай багата і цікавага, у чымсьці трагічнага перыяду мірскай міжваеннай гісторыі, калі мястэчка ўваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі (мажліва згадаць яшчэ толькі будынак гміны, у якім цяпер размешчаны Дом культуры, а таксама некалькі іншых, меней значных камяніц местачковай забудовы). У 1920–1930-я гг. Мір меў насельніцтва болей за 5 тыс. чалавек, славіўся на ўвесь свет ешывай, шматлікімі крамамі, развітым гандлем і рамесніцтвам, лічыўся адным з самых чыстых і ўзорных мястэчак «крэсаў усходніх». Гістарычная памяць старых жыхароў Міра, часта ашчадна перададзеная нашчадкам, захавала збольшага пазітыўны вобраз гэтага часу, пра што цудоўна сведчыць апошняе грунтоўнае даследаванне вуснай гісторыі месцічаў [1]. У памяці нават жывуць імёны сумленных супрацоўнікаў польскай паліцыі, якія працавалі ў гэтым самым пастарунку: Мотлах, Озга, Каінскі…

За савецкім часам тут размяшчаўся ваенкамат, а яшчэ зусім нядаўна — дзіцячая бібліятэка. У нашы дні будынак пакуль пустуе; мажліва, чарговая змена яго статуса і справакавала разбурэнне гэтай цудоўнай брамы. Нягледзячы на вонкавую прастату, размешчаная ў вельмі ўдалым месцы, яна стварала разам з будынкам цэльны гістарычны і стылістычны комплекс, які заўсёды прыцягваў увагу мінакоў і мог патэнцыйна стаць адным з істотных турыстычных вузлоў драматычнай гісторыі Міра першай паловы ХХ ст. Аднак нехта вырашыў зусім інакш.

На жаль, пакуль нам яшчэ не вядомыя імёны ўсіх, хто пажадаў прымераць на сябе гучную «славу» сучасных Герастратаў, якія абвясцілі гісторыі нейкую дзіўную вайну. Цяжка ўявіць чалавечаму розуму, як па-варварску знішчаўся гэты моцны фундаментальны аб’ект. Не хацелася б у адказ пачуць чарговыя надакучлівыя пустыя, бюракратычныя, фармальныя адпіскі, маўляў, брама «не ўяўляла гістарычнай каштоўнасці» і г.д. Гэта стала ўжо проста сумнай агульнапрынятай практыкай, вядомай нам з падобных выпадкаў з рэстаўрацыі гарадской забудовы Мінска, Гродна ці Нясвіжа. А цяпер гэтая «мода», відаць, дайшла і да Міра. Факт застаецца фактам: брама перажыла крывавую акупацыю нацысцкай Германіі, два страшэнныя пажары падчас Вялікай Айчыннай вайны, таксама досыць няпростыя для помнікаў архітэктуры савецкія часы, але была знішчаная ў нашы дні… а разам з гэтай незаменнай стратай у гісторыі Міра ўтварылася чарговая белая пляма.

Трэба адзначыць, што гэта далёка не адзіны такі выпадак, і стаўленне да шмат якіх гісторыка-культурных аб’ектаў у Міры выклікае проста непаразуменне [2]. Дасюль дзяржава не ўзяла пад абарону большасць будынкаў старасвецкай забудовы, не ўсталяваныя адпаведныя шыльды, як гэта было зроблена, напрыклад, у Навагрудку. У паўднёвым баку мястэчка стаяць абсалютна закінутыя і занядбаныя старыя каталіцкія могілкі, дзе маюцца пахаванні катаржнікаў герояў паўстання 1863—1864 гг. Дамініка Крыжаноўскага і ксяндза Анджэя Крыжаноўскага (і гэта напярэдадні 150-х угодкаў паўстання). У досыць дрэнным стане таксама старадаўні татарскі Мізар і знакамітыя габрэйскія могілкі, дзе пахаваны іўдзейскія праведнікі, шанаваныя ва ўсім свеце. Патрабуе рамонту велічны мемарыяльны помнік іераманаха віленскага Свята-Траецкага манастыра Амбросія Радзевіча, што знаходзіцца на праваслаўных могілках. Пад пытаннем нават будучыня г.зв. Старой сінагогі XVIII-ХІХ стст., самага даўняга і ключавога аб’екта г.зв. Школы — комплексу іўдзейскіх рэлігійных і адукацыйных пабудоваў Міра. Па вуліцы Кастрычніцкай, за пажарнай часткай, на прыватным падворку ў катастрафічным аварыйным стане таксама знаходзіцца каталіцкая капліца Св. Тройцы пач. ХХ ст. — апошні значны помнік драўлянага дойлідства мястэчка.

Спадзяюся, мы не страцім іх гэтаксама ціха, незаўважна, як ужо страцілі ў 2001—2002 гг. падчас аднаўлення пл. 17 Верасня дом ХІХ — пач. ХХ ст. па правым рагу плошчы і вул. Чырвонаармейскай (насупраць плябаніі) або падмуркі колішніх дамоў на Рынку з датамі іх пабудовы і ініцыяламі F.B., якія належаць выбітнаму мясцоваму будаўніку Феліксу Блёху. Нарэшце, як ужо страцілі згаданую браму дома № 51. Дзеля гэтага я і звяртаюся да навуковай і мастацкай супольнасці, адміністрацыі Міра і Карэліцкага раёна, шырокіх колаў беларускай грамадскасці — толькі разам мы зможам адстаяць і захаваць цэласную ўнікальную гісторыка-архітэктурную спадчыну гэтага цудоўнага мястэчка.

______________________

[1] Раманава, І., Махоўская, І. Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары, Вільня 2009.

[2] Пра калізіі перабудовы цэнтра Міра яшчэ пяць гадоў таму пісаў Сяргей Харэўскі. Гл. Харэўскі С. Там возера Сьвіцязь… // Наша Ніва, № 29, 11 жніўня 2006 г., с.14–17.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?