Сёння шасцёра з 30-іжурналістаў-падпісантаў «калектыўнага звароту» да генеральнага пракурора сустрэліся з начальнікам упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры Паўлам Радзівонавым.

Сп. Радзівонаў сказаў, што пісьмовы адказ на зварот найбліжэйшым часам будзе дасланы аднаму з падпісантаў. Сёння ж ён проста распавёў пра захады, зробленыя пракуратурай у звязку са зваротам. У прыватнасці, пра афіцыйны ліст, які генпракурор Рыгор Васілевіч 15 ліпеня накіраваў міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову з напамінам пра правы журналістаў.

«Прадстаўнік пракуратуры сёння ў размове падкрэсліў, што, калі дзяржаўныя структуры прымяняюць захады прымусовага парадку, то і самі яны мусяць строга прытрымлівацца норм заканадаўства, — распавёў пасля сустрэчы адзін з падпісантаў звароту, намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. — У пракуратуры спадзяюцца, што такі напамін работнікам міліцыі будзе дастаткова эфектыўным, каб прадухіліць у будучым прынамсі масавае парушэнне правоў журналістаў. У той жа час, сп. Радзівонаў падкрэсліў, што ў пацярпелых журналістаў ёсць магчымасць падаць асабістыя скаргі на дзеянні сілавікоў."

На сустрэчы прысутнічаў галоўны рэдктар «Еўрарадыё» Віталь Зыблюк, які днямі распавядаў БАЖ пра ход разбіральніцтва па асобнай скарзе трох журналістаў радыёстанцыі. Сёння высветлілася, што на падставе гэтай скаргі в.а. генеральнага пракурора 2 жніўня вынес міністру ўнутраных спраў асабістае прадстаўленне.

«Па словах сп-ра Радзівонава, пракуратура запатрабавала правесці з работнікамі МУС тлумачальную работу, збяспечыць выкананне патрабаванняў адміністратыўнага і працэсуальна-выканаўчага кодэксаў, арганізаваць для міліцыянтаў „курсы“ па вывучэнні пэўных норм заканадаўства, а таксама ўзняла пытанне пра магчымасць прыцягнення вінаватых да дысцыплінарнай адказнасці», — распавёў А. Бастунец.

***

Нагадаем, што 13 ліпеня група з 30-і журналістаў розных СМІ перадала ў Генпракуратуру «калектыўны зварот»

з нагоды затрыманняў і брутальнага абыходжання з боку сілавікоў у часе вулічных акцый, а таксама з нагоды неабгрунтаваных судовых рашэнняў у дачыненні да шэрагу журналістаў. Аналагічны зварот быў накіраваны міністру ўнутраных спраў, а копіі — міністру інфармацыі і старшыні Вярхоўнага суда.

Пакуль што афіцыйны адказ прыйшоў толькі з Вярхоўнага суда на імя аднаго з падпісантаў — намесніка старшыні БАЖ Андрэя Аляксандрава. Насмеснік старшыні суда Валерый Калінковіч напісаў, што «суддзі і іншыя службовыя асобы Вярхоўнага суда» не маюць права ўмешвацца ў разгляд канкрэтных судовых спраў, і што прыцягнутыя да адказнасці асобы, не згодныя з судовымі вердыктамі, маюць права абскардзіць іх самі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?