Старшыні трыццаці віцебскіх таварыстваў накіравалі калектыўны зварот міністру ЖКГ, старшыням абл- і гарвыканкамаў, кіраўніцтву Дзяржкантролю і фінаддзела Віцебскага гарвыканкама.Яны просяць разабрацца ў сітуацыі, якая склалася з атрыманнем бюджэтных асігнаванняў за першае паўгоддзе і прыняць удзел у вырашэнні пытання па пакрыццю страт за жыллёва-камунальныя паслугі на 2011 г. «Я магла б сабраць і болей подпісаў, але ў нас занадта мала часу — наперадзе ацяпляльны сезон, — патлумачыла «НН» адна з ініцыятараў звароту Вера Котава, старшыня віцебскага таварыства ўласнікаў «Юнона». —
Мы даведзеныя да адчаю — фактычна да канца года нашы супрацоўнікі павінны працаваць бясплатна».Па яе словах, гарадскі фінаддзел у чатыры разы скараціў памер кампенсацыі на камунальныя выдаткі.
Паводле закона, дзяржава часткова кампенсуе выдаткі на тэхнічнае абслугоўванне тэрыторыі жылых дамоў,у тым ліку і тых, што не абслугоўваюцца арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Да такіх адносяцца і таварыствы ўласнікаў.
Летась памер кампенсацыі складаў 5550 рублёў на 1 кв.м плошчы дома,што ацяпляецца. Гэтыя нарматывы даводзяцца кіраўнікам таварыстваў перад пачаткам фінансавага года. Сёлета віцебскія таварыствы даведаліся пра памер кампенсацыі на 2011 год толькі ў сярэдзіне ліпеня. Паводле слоў Веры Котавай, таварыства атрымала з фінаддзела ліст, у якім гаворыцца, што
сёлета кампенсацыя складзе 1000 рублёў.Яна кажа, што
калі гэтая лічба будзе канчаткова зацверджаная, яе арганізацыя, як і астатнія 120 віцебскіх таварыстваў, паўстане перад неабходнасцю звальнення персаналу.«У нас тут цэлы штат працуе — ад бухгалтара да дворніка». Не ведаючы памераў нарматыву, таварыства разлічвала выдаткі згодна са старым тарыфам, улічыўшы рост інфляцыі. Цяпер няясна, хто кампенсуе гэтую розніцу. А таксама, як з такімі цэнамі і кампенсацыяй падтрымліваць дом і прылеглую тэрыторыю ў парадку, як таго патрабуе жыллёвы кодэкс.
Старшыня «Юноны» кажа, што ў доме таварыства жывуць далёка не багатыя людзі.
«У нас няма кансьержаў з ахоўнікамі, агароджаных парковак і відэакамер. Тут жывуць малазабяспечаныя сем’і, якія набывалі кватэры па льготных крэдытах», —расказвае яна. Калі фінаддзел не перагледзіць памер кампенсацыі, камунальныя выдаткі аўтаматычна лягуць на плечы жыхароў. «Як патлумачыць, чаму яны мусяць плаціць гэтыя грошы, калі ў суседнім доме, які абслугоўвае ЖЭС, ніхто нічога не плаціць?» — пытае Вера Котава і апелюе да 22-га артыкула Канстытуцыі, згодна з якім усе роўныя перад законам, маюць аднолькавыя правы на абарону сваіх інтарэсаў. Яна прапануе параўнаць не толькі з суседнімі дамамі, але і з іншымі гарадамі. «Па нашых звестках, у Віцебскім раёне памер кампенсацыі складае 7200 рублёў, у Мінску 8800, а ў Пінску дзейнічае дыферэнцыйны падыход — памер кампенсацыі залежыць ад узросту дома: чым ён старэйшы, тым большы нарматыў».
Старшыню таварыства абурае стаўленне да іх праблемы з боку гарадскіх уладаў. «Як якую дэлегацыю прывезці, дык адразу да нас, бо тут заўсёды прыбрана, акуратна, прыгожа. А як пачалі высвятляць, чаму нам скарацілі выплаты, то адразу прыгразілі наслаць на нас праверкі».
Начальнік фінансавага ўпраўлення Віцебскага гарвыканкама Яўгенія Бардушка паведаміла карэспандэнту «НН», што ліст ад старшыняў таварыстваў яны атрымалі і ўжо падрыхтавалі адказ. Яна патлумачыла, што нарматыў па кампенсацыі выдаткаў на тэхабслугоўванне фармуецца згодна заканадаўства, палажэнняў Жыллёвага кодэкса і ў адпаведнасці з магчымасцямі бюджэту.«У гэтым годзе ён складзе 1000 рублёў», — падкрэсліла чыноўніца. Па яе словах, гарвыканкам цалкам кампенсуе выдаткі на абслугоўванне ліфтаў. «Вы зразумейце, што жыллёвы фонд таварыстваў у большасці выпадкаў новы, а вось ў падпарадкаванні камунальнай гаспадаркі трапляюцца дамы, якім за 40 год. Адпаведна, выдаткі на абслугоўванне новых дамоў і старых будуць розныя». Яўгенія Іванаўна падкрэсліла таксама, што ў камунальных арганізацыях доля заробкаў у фондах складае да 52%, а ў таварыствах да 68%.
Ствараецца з мэтай сумеснага кіравання жылым комплексам, забеспячэння яго эксплуатацыі. Перавага падобных арганізацый у тым, што ўдзельнікі таварыстваў самастойна фармуюць супольны бюджэт на рамонт дома і ўтрыманне прылеглай тэрыторыі.Таварыства ўласнікаў — некамерцыйная арганізацыя, якая аб’ядноўвае ўласнікаў памяшканняў у шматкватэрным жылым доме.
У новабудоўлях стварэнне таварыстваў уласнікаў абавязковае для забудоўніка.Іх жыхары — такія ж карыстальнікі камуналкі, як і тыя, хто жыве ў дамах даўнейшага часу пабудовы і абслугоўваецца ў ЖЭСе.
0
0
0
0
0
0