Найбуйнейшы банк Расіі, «Сбербанк», атрымаў 35% акцый «Беларуськалія» ─ беларускага калійнага гіганта ─ у якасці закладу пад крэдыт у 2 млрд даляраў.

Масква заўсёды была зацікаўленая ў куплі акцый беларускіх прадпрыемстваў, асабліва ласымі кавалкамі Расіі ўяўляюцца «Беларуськалій» і «Белтрансгаз» (дзяржаўная энергетычная кампанія). Фінансавы крызіс у Беларусі дае Крамлю магчымасць набыць самыя буйныя дзяржпрадпрыемствы, а таксама абмежаваць прастору для палітычнага манеўру прэзідэнту Беларусі А. Лукашэнку. З вышэйзгаданых двух прадпрыемстваў дамовіцца пра продаж «Белтрансгаза» прасцей, бо прадпрыемства ў дадзены момант нясе страты, акрамя таго, 50-працэнтны пакет акцый ужо належыць расійскаму «Газпраму».

Расія ўжо дала некалькі крэдытаў Беларусі, каб дапамагчы суседу даць рады цяжкаму эканамічнаму крызісу. Цягам апошніх месяцаў прыбытак дзяржаўных банкаў знізіўся, імкліва расце інфляцыя. Беларускія банкі адчуваюць недахоп як замежнай, так і нацыянальнай валюты. Беларусь падала ў МВФ заяўку на крэдыт у памеры 8 млрд даляраў, аднак прадстаўленне фінансавай дапамогі гэтай арганізацыяй запатрабуе ад Мінска выкананне цэлага шэрагу ўмоваў, што відавочна прыйдзецца не даспадобы мясцовым уладам. Беларусь ужо дамовілася пра фінансавую дапамогу ў 3 млрд даляраў з ЕўрАзЭС, папрасіла 1 млрд даляраў у расійскага алігарха Сулеймана Керымава (кампанія якога з’яўляецца манапалістам на расійскім рынку калійных угнаенняў), а таксама звярнулася з просьбай да расійскага ўрада пра крэдыт 1 млрд даляраў (хутчэй за ўсё сродкі дасць «Сбербанк»). Ні для кога не сакрэт, што за фінансавую дапамогу беларускім уладам неабходна будзе выканаць жорсткія ўмовы, пастаўленыя Крамлём: Расія неаднаразова падкрэслівала, што ў абмен ад Беларусі чакаюць прыватызацыі шэрагу найбуйнейшых дзяржпрадпрыемстваў.

«Сбербанк» не набыў акцыі «Беларуськалія» ў сваё непадзельнае карыстанне, ён толькі часова валодае імі, бо яны аддадзеныя ў якасці закладу. «Сбербанк» вельмі асцярожна падыходзіць да куплі акцый, заключаючы толькі надзейныя і прыбытковыя ўгоды.

Таксама найбуйнейшы банк Расіі ўжо набыў шэраг прадпрыемстваў у краінах СНД і Еўропы. Сума, у якую Мінск ацаніў «Беларуськалій» ─ 30 млрд даляраў, ─ неапраўдана высокая, і ніхто, асабліва асцярожны «Сбербанк», не пагодзіцца заплаціць за акцыі такія грошы. Замест куплі, якая была б непадымальным цяжарам для «Сбербанка», Герман Грэф імкнецца выціснуць максімум палітычных дывідэндаў для Крамля з цяжкай фінансавай сітуацыі ў Беларусі. Атрыманне ў заклад акцый «Беларуськалія» дасць Маскве час спланаваць далейшыя дзеянні: магчыма, расійскія ўлады дазволяць набыць пакет акцый аднаму з расійскіх алігархаў (напрыклад, Керымаву) ці прададуць іх Індыі або Кітаю ў абмен на згоду выканаць пэўныя ўмовы. Акрамя таго, умоўнае валоданне пакетам акцый гарантуе, што Мінск не паспрабуе прадаць акцыі камусьці іншаму за спінай Расіі.
Таксама, набываючы ў заклад акцыі «Беларуськалія», Расія імкнецца выканаць іншую важную задачу: пашырыць уплыў напярэдадні хуткай прыватызацыі фірмаў у Беларусі.
З 6 верасня Беларусь пачне працэс прыватызацыі 244 невялікіх прадпрыемстваў, спадзеючыся атрымаць прыкладна 7,5 млрд даляраў. «Сбербанк» будзе кантраляваць выкананне прыватызацыйнай праграмы.
Расія з’яўляецца асноўным прэтэндэнтам на куплю прадпрыемстваў.
Пацвярджаюць гэта і найвышэйшыя чыноўнікі ва ўрадзе Беларусі: так, прэм’ер-міністр М. Мясніковіч заявіў, што чакае найбольшай актыўнасці ў працэсе прыватызацыі менавіта ад Расіі. Таксама Мясніковіч спадзяецца на ўдзел Казахстана, каб акцыі прадпрыемстваў не пакінулі зоны Мытнага саюза.

Германія таксама нядаўна заявіла пра сваю зацікаўленасць у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. «Deutsche Bank» — адзін з удзельнікаў угоды аб прадстаўленні Беларусі крэдыту ў 2 млрд даляраў, што забяспечваецца экспартнымі кантрактамі, а таксама валодае 35-працэнтным пакетам акцый «Беларуськалія». Як заявіла STRATFOR адна з крыніц,

у дадзены момант Берлін вядзе перамовы з Расіяй (не з Беларуссю!) пра тое, якія прадпрыемствы Германія можа набыць падчас прыватызацыі.
Германія на дадзены момант — адзін з найбуйнейшых удзельнікаў прыватызацыі ў Расіі; краіна таксама наладзіла цесныя кантакты з расійскай палітычнай элітай. Таму Расія не будзе пярэчыць супраць удзелу Германіі ў прыватызацыі прадпрыемстваў у Беларусі, бо Германія не збіраецца вылучаць мноства палітычных патрабаванняў, у адрозненне ад іншых еўрапейскіх краін, якія асцерагаюцца ўзмацнення ўплыву Расіі на Беларусь.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?